Да памочніка прэзідэнта Якабсона не пусцілі незалежную прэсу

16.02.2017, 10:45  |  Галоўныя навіны, Палітыка

Да памочніка прэзідэнта Якабсона не пусцілі незалежную прэсу
16 лютага ў Маскоўскім райвыканкаме горада Менска праходзіць абвешчаны накануне прыём грамадзян памочнікам прэзідэнта – галоўным інспектарам па Менску Аляксандрам Якабсонам з нагоды “дэкрэту пра дармаедаў”. Пры гэтым незалежную прэсу, у прыватнасці, “Белсат” і TUT.by на прыём не пусцілі – толькі журналістаў з дзяржаўных СМІ.

Незалежныя журналісты вымушаныя стаяць на вуліцы, тады як унутры засталіся прадстаўнікі СТВ і іншага дазволенага пулу, паведаміў сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі, які разам з лідарам Хрысціянска-дэмакратычнага руху Вольгай Кавальковай збіраецца перадаць Аляксандру Якабсону зварот, які змяшчае аналітыку эфекту ўзгаданага дэкрэту і патрабаванне яго адмяніць.

Сустаршыня БХД адзначыў, што прыём быў абвешчаны літаральна за адзін дзень і не ўсе жадаючыя здолелі прыйсці на яго. “Мы сабралі аналітыку незалежных юрыстаў, факты таго, што дэкрэт парушае і Канстытуцыю, і міжнароднае права. Дакумент вядзе да пагаршэння сітуацыі з правамі чалавека, павышае напружанасць у грамадстве і пагоршыць імідж Беларусі ў свеце. Усе людзі, якія чакалі сёння ў калідоры прыёму, падпісаліся пад зваротам. Агулам пад ім некалькі сотняў подпісаў”, - дадаў ён.

Навіны па тэме