Віталь Рымашэўскі аб акцыі 17 лютага: спадзяюся, арганізатары далучацца да Маршу недармаедаў 15 сакавіка

18 лютага 2017 13:30  |  Галоўныя навіны

Віталь Рымашэўскі аб акцыі 17 лютага: спадзяюся, арганізатары далучацца да Маршу недармаедаў 15 сакавіка

Сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі, які 17 лютага ўзяў удзел у Маршы абураных беларусаў, заявіў, што прыйшоў на акцыю адмыслова, каб выказаць сваю салідарнасць з арганізатарамі і ўдзельнікамі.

“Пасля абвяшчэння падрыхтоўкі Маршу недармаедаў 15 сакавіка Мікола Статкевіч і Уладзімір Някляеў абвясцілі сваю акцыю 17 лютага. Нягледзячы на тое, што гэта дзве розныя акцыі і розныя арганізатары, яны маюць адну мэту. Сёння няважна, хто арганізатар. Важна падтрымліваць салідарнасць, калі мы хочам дасягнуць мэты. Толькі разам мы пераможам. Я спадзяюся, што арганізатары ўчорашняй акцыі далучацца да Маршу недармаедаў 15 сакавіка”, – адзначыў ён.

“А людзі, якія прыйшлі на акцыю, пакінулі вельмі добрае ўражанне. Было шмат новых людзей з Менску і рэгіёнаў Беларусі, якія прыехалі, каб выказаць абурэнне і падзяліцца сваёй бядой. Многія пакідалі свае кантакты. Беларусь паступова прачынаецца, хоць гэты працэс ідзе вельмі павольна. На жаль, учора не было многіх людзей, на якіх накіраваная гэтая акцыя, але я перакананы, што ўсё наперадзе, бо калі беларусы не навучацца бараніць адно аднаго, паборы будуць толькі павялічвацца і жыццё будзе ўсё больш невыносным”, – падкрэсліў Віталь Рымашэўскі.

Болей навін