Таццяна Севярынец. Пілігрымка ў Росіцу (фота)

20 лютага 2017 07:54  |  Блог Таццяны Севярынец

Таццяна Севярынец. Пілігрымка ў Росіцу (фота)

Гісторыя 100-годзя БХД, якая дзесяцігоддзямі старанна затойвалася афіцыйнымі гісторыкамі, адкрыла для мяне шмат імёнаў стваральнікаў партыі, уразіла ахвярнымі жыццямі ксяндзоў, што сталі прыкладам сапраўднага служэння Богу, людзям, Беларусі.

Антоній Ляшчэвіч і Юры Кашыра. Да іх у Росіцу выправілася я пахмурным вільготным лютаўскім ранкам разам з віцебскімі каталіцкімі легіянерамі.

Росіца знаходзіцца ў памежнай зоне Верхнядзвінскага раёна з Латвіяй. Там нават сувязь роўмінгавая.

Касцёл Святой Троіцы пабудаваны на ўзвышшы, што адмысловым валам акальцоўвае возера Росіцу. Аб тым, што гэта цэнтр старажытнага паселішча, кажуць былы будынак КБА, медыцынская амбулаторыя, дзе зафіксаваныя 237 сучасных жыхары, клуб, які ажывае па святах ды падчас пілігрымак.

Гісторыя касцёла сугучная з гісторыямі шмат якіх культавых будынкаў, знішчаных Саветамі, пераўтвораных у крамы, склады . Але менавіта гэты касцёл у цяжкія ваенныя часы стаў месцам аб’яднання і мацавання верай жыхароў Росіцы, Асвеі, Сар’і, Бігосава. Сюды ў пачатку лютага 1943 года захопнікі пачалі зганяць людзей з наваколля. Праходзіла карная аперацыя “Зімовае чараўніцтва”. Знішчалі ўсіх.

Разам з людзьмі былі ксяндзы Антоній Ляшчэвіч і Юры Кашыра, сёстры эўхарысткі. Ім дазвалялася выходзіць з касцёлу, і яны гэтую магчымасць выкарыстоўвалі, каб прынесці людзям хлеба і іншую ежу. Святары перамаўлялі з паствай, маліліся разам.

16-лютага ад касцёлу ад’ехала шмат фурманак-карнікі звозілі людзей на спаленне ў стайню. На адной з іх быў Антоній Ляшчэвіч. Праз дзень яшчэ адна група выйшла з касцёлу – яе ўзначаліў з крыжом у руках айцец Юры. І айцам, і сёстрам настойліва раілі выйсці з касцёлу, захаваць свае жыцці. Ксёндз Юры прымусіў сясцёр эўхарыстак выйсці, каб несці далей Слова Божае, а для сябе вызначыў: “Дзе мае браты будуць паміраць, там і я”.

Таму пасля ўрачыстай памінальнай імшы ад касцёлу і да месца спалення людзей на чале шэсця заўсёды нясуць крыж. У Росіцы і наваколля ёсць свае заступнікі, святыя Антоній і Юры.

Я крочыла ў шэсці да месца спалення, дзе зараз мемарыял з вялікім крыжом, агарнуўшыся ў бел-чырвона-белы сцяг з зоркай БХД, па апошняй дарозе ў жыцці айцоў Юрыя Кашыры і Антонія Ляшчэвіча, якія выбралі пакутніцкую смерць, і думала, што можна спаліць цела, але немагчыма спаліць дух, прагу да Любові, якая і ёсць Бог…

Прыгожа ў Росіцы толькі каля касцёлу. Намаганнямі пробашча Чэслава Курэчкі аднаўляецца касцёл, пабудаваны кляштар, зроблена дарога да старых могілак праз былое балота, на паўвыспачцы – альтанка. Пробашчу аддалі будынак былога КБА, дзе, кажуць месцічы, будзе гатэль для пілігрымаў. А 18 лютага 2017 году іх тут было больш за 500.

Чакаючы пачатку ўрачыстай імшы, я прайшлася па вёсцы, Каля касцёлу- шэраг закінутых дамоў, вокны закалочаныя, платы валяцца, сядзібы зарастаюць хмызняком. Праз возера, па дарозе да мемарыялу,- некалькі закінутых двухпавярховікаў, на ўзгорку – даволі вялікая школа, таксама рушыцца.

Размаўляю з кабетай, мясцовай жыхаркай:

“Ой, жывём добра, праўда, успамінамі. Вы б бачылі, як хораша тут летам! Было шмат росічаў, жылі весела, клуб працаваў. Я была актывісткай, камсамолкай, дык і экскурсіі арганізоўвала, у Піцер колькі разоў ездзілі, а моладзі было!.. Усё змянілася, як аб’ядналі наш саўгас з іншымі. Цэнтр стаў у Сар’і, і школку тады ж закрылі, і КБА, і ферму, у нас цялят вырошчвалі. Людзей сталі вазіць на працу аўтобусамі, і дзяцей, каго ў Бігосава, каго ў Сар’ю. Дык усё і павалілася. Дзетак зараз ездзіць чалавек 6-7, а так вось мы век дажываем. Бягу зараз у клуб, гатуем вам, пілігрымам, абед.

(А і праўда, абед быў. Усе ахвотныя атрымалі міску гарачай тушанай бульбы, салату з капусты, хлеб, печыўка, гарбатку-вельмі ўдзячныя за пачастунак!)

Параз’ехаліся маладыя, хочуць, каб праца была побач. Ксяндзу ўдзячныя. Ужо ж ён стараецца, каб зрабіць прыгожа. Ды толькі вёска загінаецца. Каб людзей пабачыць, пілігрымаў чакаем, яны ў нас часцяком. Пенсія ў мяне – толькі пасмяяцца, заробкі ў людзей і таго меней…”

Чапляю яшчэ некалькі чалавек. Усе жывуць добра, але… Глыбока-глыбока ў добрых вачах суразмоўцаў туга і смуга. Вось яны, сапраўдныя беларусы, гатовыя змірыцца з усім цяжарам цяперашняга жыцця, жывуць успамінамі пад аховай сваіх заступнікаў – Антонія і Юрыя. Больш за іх заступіцца няма каму.

Над дарогай на слупе- вялікае гняздо бусла, нейкае шматпавярховае. Яно наўрад ці будзе закінутым, буслы больш верныя свайму дому, чым людзі. А пакуль усе яго паверхі аблюбавалі вераб’і.

І з’яўляецца надзея, што не будуць гінуць дамы Радзімы, што вымалім у Госпада дараванне грахам нашым і кароткай памяці. Сведчанне таму – адроджаны касцёл Святой Троіцы ў Росіцы, адроджаныя ідэі БХД.

Таццяна Севярынец

Таццяна Севярынец. Пілігрымка ў Росіцу (фота)
Таццяна Севярынец. Пілігрымка ў Росіцу (фота)
Таццяна Севярынец. Пілігрымка ў Росіцу (фота)
Таццяна Севярынец. Пілігрымка ў Росіцу (фота)
Таццяна Севярынец. Пілігрымка ў Росіцу (фота)
Таццяна Севярынец. Пілігрымка ў Росіцу (фота)
Таццяна Севярынец. Пілігрымка ў Росіцу (фота)
Таццяна Севярынец. Пілігрымка ў Росіцу (фота)
Таццяна Севярынец. Пілігрымка ў Росіцу (фота)
Таццяна Севярынец. Пілігрымка ў Росіцу (фота)
Таццяна Севярынец. Пілігрымка ў Росіцу (фота)
Таццяна Севярынец. Пілігрымка ў Росіцу (фота)
Таццяна Севярынец. Пілігрымка ў Росіцу (фота)
Таццяна Севярынец. Пілігрымка ў Росіцу (фота)
Таццяна Севярынец. Пілігрымка ў Росіцу (фота)

Болей навін