Сяргей Верамеенка: дэкрэт № 3 – гэта ўжо край!

20 лютага 2017 15:56  |  Эканоміка

Сяргей Верамеенка: дэкрэт № 3 – гэта ўжо край!

У Гародні 19 лютага прайшлі мітынг і марш НеДармаедаў. Бліжэй да 14 гадзіны на цэнтральнай плошчы пачалі збірацца людзі. Ад самага пачатку з’явілася і сімволіка, бел-чырвона-белы сцяг, а таксама партыйныя сімвалы АГП і БХД – арганізацый, прадстаўнікі якіх і звярнуліся да прысутных.

У сваіх выступах Сяргей Верамеенка, Ежы Грыгенча і іншыя выступоўцы падкрэслівалі, што так званы дэкрэт пра дармаедаў сам ёсць незаконны, і патрабавалі яго адмяніць. Прысутныя горача падтрымлівалі выступоўцаў. Акрамя лозунгаў пра дэкрэт гучалі знакамітыя “Жыве Беларусь!!!”, “Не бойцеся!!!” і заклікі прадоўжыць змаганне і сабрацца яшчэ раз 15 сакавіка, перадае “Гарадзенская Вясна”.

Затым прысутным было прапанавана паставіць свае подпісы ў лістах за адмену Дэкрэта №3, і людзі калонай рушылі да будынка аблвыканкаму, каб перадаць подпісы прадстаўнікам гарадзенскай улады.

Увесь шлях лунала сімволіка, яе ўсё болела і да калоны далучаліся новыя людзі. Мінакі пляскалі ў далоні. Калі калона праходзіла па вуліцы Савецкай ля Цэнтральнага універмага Гародні, адтуль таксама выйшлі людзі і віталі ўдзельнікаў плясканнем у далоні і прывітальнымі выкрыкамі.

Калі калона дайшла да будынку аблвыканкаму, то аказалася што яго дзверы зачыненыя. Да прысутных ніхто не выйшаў. Сяргей Верамеенка стараўся знайсці хоць нейкую мажлівасць пакінуць уладам падпісныя лісты, але вярнуўся назад і паведаміў прысутным, што не знайшоў на будынку выканкаму не толькі паштовай скрынкі для лістоў ад народа, але нават “шчылінкі ў гэтым маўзалеі няма, куды можна было б праціснуць ліст”.

Але прысутных заверылі, што гэтыя лісты дойдуць да адрасатаў, і што подпісы будуць збірацца і далей, і змаганне за адмену гэтага дэкрэту таксама будзе працягвацца да яго адмены.

Прысутныя гаварылі, што наступны раз іх будзе значна больш, і інфармацыя пра збор будзе пададзена нашмат шырэй.

Увесь час выступоўцаў і іншых прысутных здымалі на відэакамеры людзі ў цывільным, але затрыманняў і перашкодаў не чынілі.

“На мой погляд, людзі ўсё ж такі баяцца, бо гарадзенская практыка рэпрэсіяў і затрыманняў паказвае, што яна больш жорсткая чым у Менску. Гэта першае. А другое, міліцыя нас не чапае проста таму, што ім не далі на тое каманды. Мы сюды прыйшлі, бо я асабіста лічу, што Дэкрэт № 3 – гэта ўжо край. Глава дзяржаўнай банды перайшоў усе межы, людзей практычна загналі ў рабства”, – адзначыў Сяргей Верамеенка, паведамляе “Радыё Рацыя”.

Болей навін