Віталь Рымашэўскі: неабходна прымусіць праваахоўныя органы заняцца сапраўднымі наркабаронамі (відэа)

23.02.2017, 12:15  |  Галоўныя навіны, Грамадства

Віталь Рымашэўскі: неабходна прымусіць праваахоўныя органы заняцца сапраўднымі наркабаронамі (відэа)
22 лютага па ініцыятыве Беларускай хрысціянскай дэмакратыі і дэпутата Палаты прадстаўнікоў Ганны Канапацкай адбыўся круглы стол на тэму “Актуальныя пытанні заканадаўства ў галіне незаконнага абароту наркатычных сродкаў”.

У круглым стале ўдзельнічалі дэпутаты Ганна Канапацкая (камісія па эканамічнай палітыцы ) і Максім Місько (камісія па заканадаўстве), прадстаўнікі Дзяржкамітэту судовых экспертыз, Дзяржаўнага памежнага камітэту, РНПЦ псіхічнага здароўя, прадстаўнікі руху “Маці 328” з Менску і рэгіёнаў.

Падчас мерапрыемства быў абмеркаваны рэальны стан барацьбы з наркагандлем у Беларусі, праблемы з асуджанымі па артыкуле 328 КК, разбіральніцтвамі ў дачыненні да іх, прысудамі і ўтрыманнем у месцах зняволення.



“Асноўнай праблемай з’яўляецца тое, што пры непразрыстай судовай сістэме Беларусі абвінаваўчыя прысуды часта выносяцца людзям, якія ў першы раз спажывалі наркотыкі разам са сваімі сябрамі. Вельмі часта гэта падлеткі. Часта спажыўцам наркотыкаў, якія трапілі пад уплыў наркагандляроў, інкрымінуецца распаўсюд і ў выніку ахвяры наркабаронаў атрымліваюць такія ж тэрміны, як і людзі, якія ўвозяць вялікія партыі наркотыкаў у Беларусь”, - адзначыў сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі.

Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў узялі часткова на разгляд прапановы актывістаў, якія змагаюцца за рэформу заканадаўства. 28 лютага адбудзецца пасяджэнне Савета міністраў, дзе будуць разглядацца і прапановы, агучаныя на круглым стале. Самае галоўнае з іх – патрабаванне градацыі колькасці наркотыкаў, за якія затрымліваюць і асуджваюць людзей, і тэрмінаў для людзей, якія ўпершыню ўжывалі наркотыкі. “8-10 гадоў – гэта звышвысокая мера пакарання”, - падкрэсліў сустаршыня БХД.

Разам з тым было адзначана, што для тых, хто стварае наркасеткі, увозіць наркотыкі ў Беларусь, тэрміны мусяць быць яшчэ больш павялічаныя.

“Мы будзем дамагацца, каб былі перагледжаныя ўсе прысуды, вынесеныя па артыкуле 328, бо існуе вельмі шмат парушэнняў. Мы вельмі добра ведаем, якія ў нас суды, якое следства. Часта за дадатковыя зорачкі на пагонах следчыя гатовыя ламаць жыцці тысячам маладых беларусаў, якія ў першы раз ужылі наркотыкі, прыраўноўваючы іх да наркабаронаў. Станоўчы вынік у тым, што прадстаўнікі Палаты прадстаўнікоў пагаджаюцца з нашымі прапановамі. Таму існуе спадзеў, што змены ў закон сапраўды будуць унесеныя. Удзельнікі круглага стала таксама дамовіліся, што цягам месяца будзе праведзенае мерапрыемства па праблеме ўтрымання зняволеных. Гэтая праблема больш шырокая і закранае не толькі асуджаных па артыкуле 328 КК. Мы ведаем шмат прыкладаў, калі людзей збівалі падчас следства, калі людзі гінулі. Гэтая праблема патрабуе неадкладнага вырашэння. Таксама будзе працягвацца грамадская кампанія за змены ў артыкул 328 КК і ў праваўжывальную практыку. Мы павінны прыкласці ўсе намаганні, каб зрабіць гэта і прымусіць праваахоўныя органы заняцца сапраўднымі злачынцамі”, - дадаў Віталь Рымашэўскі.

Навіны па тэме