На ўдзельнікаў «маршу недармаедаў» у Горадні склалі пратаколы

28 лютага 2017 10:07  |  Палітыка

На ўдзельнікаў «маршу недармаедаў» у Горадні склалі пратаколы

Дакладная лічба пратаколаў, складзеных на ўдзельнікаў «маршу недармаедаў» у Горадні, пакуль невядомая. Прыблізна — каля дзесяці. Усіх вінавацяць у несанкцыянаваным шэсьці, ніхто сваёй віны не прызнае.

Паводле актывіста аргкамітэту па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Сяргея Верамеенкі, іх усіх выклікалі ў Ленінскі РАУС, дзе знаёмілі з пратаколамі аб удзеле ў несанкцыянаваным шэсьці 19 лютага падчас «маршу недармаедаў».

— Самае цікавае, што невядома, колькі дакладна склалі пратаколаў. Я ведаю толькі некалькіх гарадзенскіх актывістаў: Ежы Грыгенчы, Аляксандра Абуховіча, Вольгу Верамеенку, Анатоля Мышкевіча. Але ў пастарунку міліцыянт сказаў, што ўсяго на ўдзельнікаў акцыі склалі блізу 10 пратаколаў. Усе мае знаёмыя пісалі ў пратаколе, што віны не прызнаюць і з пратаколам нязгодныя.

Акцыя «марш недармаедаў» у Горадні была несанкцыянаваная. Арганізатары атрымалі забарону гарвыканкаму на яе правядзеньне. Тым ня менш некалькі дзясяткаў чалавек сабраліся на Савецкай плошчы і пратэставалі супраць дэкрэту № 3. Гучалі лёзунгі «Жыве Беларусь!», «Не — дэкрэту № 3, Лукашэнка — сыходзь!», «Хто галоўны дармаед — прэзыдэнт!».

На плошчы зьбіралі подпісы супраць дэкрэту № 3, ахвочыя распавядалі свае гісторыі, як яны сталі «дармаедамі». Затым некалькі дзясяткаў чалавек прайшлі зь бел-чырвона-белымі сьцягамі па цэнтральнай вуліцы да аблвыканкаму і спрабавалі перадаць туды сабраныя подпісы супраць дэкрэту № 3, але ім ніхто не адчыніў.

Радыё Свабода

Болей навін