“Цалкам прыгнечаны той несправядлівасцю, якая адбываецца з-за ўціску беларусаў”

01.03.2017, 08:32  |  Навіны » БХД

“Цалкам прыгнечаны той несправядлівасцю, якая адбываецца з-за ўціску беларусаў”
57 гадоў таму, 1 сакавіка 1960 года, памёр Віктар Шутовіч (1890–1960) – беларускі каталіцкі святар заходняга абраду, сябра БХД. Ён быў адной з самых яскравых постацяў, якія стаялі на пачатку адраджэння беларускага Каталіцкага Касцёла. Да канца свайго жыцця верыў у тое, што Беларусь рана ці позна стане незалежнай. Сёння яго мара споўненая.

Нарадзіўся 27 кастрычніка 1890 г. у вёсцы Шутовічы на Смаргоншчыне. Паходзіў з сялянскай сям'і беларусаў-каталікоў. Скончыў гарадское вучылішча ў Ашмянах. Пасля вучыўся ў Віленскай духоўнай семінарыі, пазней – у Пецярбургскай каталіцкай акадэміі. Святарскі сан атрымаў у 1913 г. Служыў у Барадзенічах, Трышчанах, Харошчы (Беласточчына) і ў ЗША.

У 1917 г. прызначаны ў вёску Барадзенічы (зараз Браслаўскі р-н), дзе служыў да 1927 г. За беларускую дзейнасць некалькі разоў польскімі ўладамі праводзілася следства, падчас якога ўлады спрабавалі даказаць антыдзяржаўную дзейнасць кс. Віктара Шутовіча. З сабраных матэрыялаў бачна, наколькі шчыра верыў кс. Віктар у адраджэнне Беларусі як незалежнай дзяржавы. Вось некаторыя вытрымкі са справы. З пратаколу паказанняў сведкаў: “Настаўнік „рэлігіі“ кс. Віктар Шутовіч не хавае, натуральна, таго, што цалкам прыгнечаны той несправядлівасцю, якая адбываецца з-за ўціску беларусаў палякамі, але зазначае, што прыйдуць лепшыя часы, калі і мы будзем гарой, „наша возьме““; „вучань школы, сцвярджае, што кс. Шутовіч пісаў на дошцы ў школе беларускі марш і загадаў яго вывучыць. Той жа вучань сустрэўся з кс. Шутовічам, які яму сказаў, што „нягледзячы на тое, што ён з’яўляецца заядлым палякам, да яго [ксяндза] павінен звяртацца па-беларуску, а не па-польску““; „у Барадзенічах кс. Шутовіч у школе на ўроках рэлігіі на пытанні вучняў па-польску адказвае па-беларуску, хаця дзеці яму тлумачаць, што іх вучаць па-польску як бацькі, так і ў школе. На гэта кс. Шутовіч адказвае, што калі хочаце размаўляць па-польску, то і размаўляйце па-польску, але добра і без памылак, а ў іншым выпадку павінны размаўляць па-беларуску. Такім чынам, кс. Шутовіч байкатуе польскую мову“; „кс. Шутовіч угаворваў людзей, каб яны падпісаліся за тое, што згаджаюцца з беларускай мовай набажэнстваў у касцёле і, увогуле, згодны са стварэннем незалежнай Беларусі, тым больш, што кс. Шутовіч пры кожным выпадку зазначае, што Беларусь ужо існуе. Аб тым, што кс. Шутовіч угаворваў насельніцтва запісвацца ў „гурткі“, чулі тады, калі былі ў касцёле“ і інш.

З 1927 г. прызначаўся ў польскія парафіі. Пасля вайны пераехаў у Менск, дзе з 29 чэрвеня 1944 г. служыў пробашчам катэдральнага касцёла. 26 студзеня 1945 г. арыштаваны. 27 чэрвеня 1946 г. асуджаны на 10 гадоў лагераў, вызвалены 20 сакавіка 1955 года. Патаемна служыў у розных месцах усходняй Беларусі. Апошнія гады жыў у Барысаве, вёў там падпольную парафію.

Супрацоўнічаў з беларускімі рэлігійнымі перыядычнымі выданнямі, пісаў вершы, вершаваныя творы, артыкулы. Асобнымі кнігамі выдаў “Маёвая чытанка” (Вільня, 1940) і “Калядныя песні” (Берлін, 1942).

Памёр Віктар Шутовіч 1 сакавіка 1960 г. у Барысаве, пахаваны там на Кальварыйскіх могілках.

Алесь Адамковіч

Навіны па тэме