Спыніць спойванне нацыі!

01.03.2017, 17:09  |  Блог Віталя Рымашэўскага, Грамадства

Спыніць спойванне нацыі!
Падалі прапановы па дэалкагалізацыі Беларусі ў Савет міністраў. Сутнасць нашых прапаноў простая: не трэба вынаходзіць ровар, трэба выкарыстоўваць вопыт краін, якія паспяхова справіліся з падобнай праблемай. У падтрымку прапаноў сабрана больш за 2000 подпісаў.

У Савеце міністраў зараз знаходзіцца на разглядзе праект указа аб рэгуляванні продажу алкаголю.

Копіі подпісаў былі пададзеныя ў Палату прадстаўнікоў, Міністэрства Ахова здароўя і іншыя профільныя ведамствы.

Нагадаю, на круглым стале, арганізаваным 17 лістапада 2016 году беларуская хрысціянскімі дэмакратамі сумесна з Ганнай Канапацкай і прысвечаным дэалкагалізацыі насельніцтва, прадстаўнікі грамадскасці і міністэрстваў былі абсалютна згодныя, што праблема алкагалізацыі ў Беларусі велізарная. Адрознівалася толькі пазіцыя Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю, якое сёння выступае прамым лабістам вытворцаў алкаголю. Алкагольнае лобі, накіраванае на атрыманне хуткіх прыбыткаў, у Беларусі вельмі вялікае. Каб пераадолець яго супраціў, патрэбна кансалідацыя намаганняў і грамадзянскай супольнасці, і палітыкаў, і спецыялістаў, якія абараняюць беларусаў ад алкагалізму.

Прапановы беларускіх хрысціянскіх дэмакратаў заснаваныя на вопыце, які прайшоў увесь цывілізаваны свет. З аднаго боку гэта і падтрымка грамадскіх ініцыятыў, якія задарма дапамагаюць выйсці з алкагольнай залежнасці і працуюць з сузалежнымі, а з другога боку - гэта шэраг абмежавальных змяненняў, накіраваных на змяншэнне даступнасці алкаголю падлеткам, поўная забарона рэкламы.

Да гэтага часу ў Беларусі праводзіцца палітыка спойвання насельніцтва. Не сакрэт, што беларускія гандлёвыя сеткі прымушаюць прадаваць няякасны алкаголь беларускай вытворчасці, часта ствараючы льготныя ўмовы для вытворцаў алкаголю. Сёння алкагольнай прадукцыяй заваленыя ўсе нашы крамы. Гэта супернастойлівая рэклама для ўсіх пакупнікоў, у тым ліку і для дзяцей, якія прыходзяць у краму, каб купіць прадукты.

БХД з 2014 года праводзіць кампанію "Абаронім нашых дзяцей ад алкаголю». Былі сабраныя дзясяткі тысяч подпісаў. Сярод іншага атрымалася дамагчыся забароны схаванай рэкламы алкаголю.

Нашы прапановы грунтуюцца на станоўчым вопыце еўрапейскіх краін, у тым ліку, скандынаўскіх, якія прайшлі праз праблему алкагалізацыі. Тыя крокі, якія мы прапануем, ужо паказалі сваю эфектыўнасць. Над гэтымі прапановамі мы працуем разам з нашымі шведскімі калегамі, а таксама з іншымі палітычнымі сіламі Беларусі ў рамках паглыблення дыялогу.

Сярод прапаноў БХД:

- Забараніць рэкламу алкагольных, слабаалкагольных напояў і піва, а таксама гандлёвых брэндаў і фірмаў, якія маюць дачыненне да вырабу альбо рэалізацыі алкагольнай прадукцыі;

- Дазволіць продаж алкагольных, слабаалкагольных напояў і піва толькі з 11.00 да 21.00;

- Дазволіць продаж алкагольных і слабаалкагольных напояў толькі ў спецыялізаваных аддзелах магазінаў, якія маюць асобны ўваход;

- Дазволіць продаж алкагольных напояў толькі асобам, якія дасягнулі 21 года, слабаалкагольных напояў і піва з 18 гадоў;

- Прыраўняць слабаалкагольныя напоі і піва, з утрыманнем спірту пачынаючы з 0,5%, да алкагольных напояў;

- Вылучаць на ільготных умовах памяшканні для працы цэнтраў і арганізацый (групах Ананімных Алкаголікаў і да т.п.), якія аказваюць бязвыплатную дапамогу людзям з алкагольнай залежнасцю і іх сем'ям.

- Забараніць рэкламу алкаголю ўнутры памяшканняў крамаў, кафэ, рэстаранаў і г.д.

- Забараніць у перыяд галасавання продаж алкаголю ў будынках, у якіх размяшчаюцца выбарчыя камісіі, і на адлегласці 500 метраў ад іх;

- Дазволіць продаж алкаголю ў рэстаранах, кафэ і да т.п. толькі пры наяўнасці магчымасці зрабіць заказ ежы з меню;

- За парушэнне правілаў гандлю, якое выявілася ў продажы алкаголю непаўналетнім, увесці прыпыненне дзеяння ліцэнзіі на раздробны гандаль алкагольнай прадукцыяй на тэрмін ад 1 да 3 месяцаў;

- Абавязаць вытворцаў алкагольнай прадукцыі пералічваць частку прыбытку ад яе рэалізацыі цэнтрам, якія займаюцца дапамогай і рэабілітацыяй людзей з алкагольнай залежнасцю;

- За кошт падаткаў ад рэалізацыі алкагольнай прадукцыі ствараць знешнюю і відэа-рэкламу пра здаровы лад жыцця і магчымыя варыянты баўлення вольнага часу, які замяняе ўжыванне алкаголю, а таксама распаўсюджваць у СМІ інфармацыю аб цэнтры, якія займаюцца дапамогай алказалежным людзям.

- Ліквідаваць ЛПП, як сістэму неэфектыўнай, рэпрэсіўнай і карнай практыкі, прыніжаючай годнасць асобы, і фармаваць дзяржаўную палітыку па барацьбе з алкагалізацыяй насельніцтва, грунтуючыся на тым, што алкагалізм - гэта захворванне.

Дзякуй, усім тым, хто падтрымаў збор подпісаў. Відавочна, што намаганні выдаткаваныя не дарма і атрымоўваецца хоць бы невялікімі крокамі праблему вырашаць. Дзякуй усім, хто падтрымаў нашы прапановы! Спадзяемся, што і ў гэты раз атрымаецца паўплываць на прыняцце закона.

Навіны па тэме