Віталь Рымашэўскі: ні ад каго хавацца я не збіраюся

05 сакавіка 2017 14:43  |  Галоўныя навіны

Віталь Рымашэўскі: ні ад каго хавацца я не збіраюся

Сённяшнія затрыманні лідараў Правацэнтрысцкай кааліцыі падкрэсліваюць, што міліцыі ў Беларусі закон не пісаны. “Ніхто так не кампраметуе міліцыю, як сама міліцыя”, – заявіў сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі, які разам з Вольгай Кавальковай, Анатолем Лябедзькам і Мікалаем Казловым быў затрыманы 5 сакавіка па дарозе на акцыю ў Берасці.

“Відавочна, надуманыя падставы затрымання. Маладых хлопцаў міліцыянтаў прымушаюць хлусіць. Супраць нас выстаўлялі цэлыя аблавы. Мы ўжо ведаем, што дзяжурыла не менш за дзесяць пастоў ДПС. Па словах бярозаўскіх актывістаў, учора ўвесь дзень праходзілі трэніроўкі па перахопе з удзелам ДАІ Менска”, – адзначыў ён.

На закіды “некаторых аналітыкаў і каментатараў канспіравацца і таемнымі сцежкамі ездзіць на акцыі пратэсту”, сустаршыня БХД заявіў, што ні ад каго хавацца не збіраецца. “Хай у вайнушку гуляюць хлопчыкі з комплексамі непаўнавартасці, якія зараз узначальваюць МУС і КДБ. Мы будзем адкрыта ездзіць на акцыі пратэсту, выступаць. Мы добра разумеем, што штат дармаедаў у спецслужбах разьдзьмуты настолькі, што гуляць супраць іх іхнымі метадамі – поўнае глупства. Па іх правілах мы гуляць і хавацца не будзем. Я адкрыта заяўляю, што збіраюся ўдзельнічаць у акцыях пратэсту ў Маладзечна, у Пінску, Бабруйску і іншых гарадах, куды будзе час, здароўе і магчымасць даехаць”, – дадаў Віталь Рымашэўскі.

“Дзякую Берасцю. Людзі паказалі, што могуць самаарганізавацца і годна правесці акцыі пратэсту. Наступная акцыя – Маладзечна, пятніца, 10 сакавіка, 18:00. Сустрэнемся на цэнтральнай плошчы”, – падкрэсліў палітык.

Болей навін