Міліцыя канфіскавала аргтэхніку з офіса кааліцыі дэмсілаў у Оршы

07 сакавіка 2017 08:43  |  Галоўныя навіны

Міліцыя канфіскавала аргтэхніку з офіса кааліцыі дэмсілаў у Оршы

Ператрус у офісе кааліцыі дэмакратычных сілаў у Оршы скончыўся канфіскацыяй аргтэхнікі на экспертызу, паведаміў БелаПАН кіраўнік аршанскага аргкамітэта па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Яўген Анішчанка.

«Забралі нават чорна-белыя ксераксы, на якіх нібыта друкавалі грошы. Тэхніка канфіскаваная ў Следчы камітэт мінімум на месяц», – сказаў ён, адзначыўшы, што на гэтай тэхніцы працавалі таксама журналісты рэгіянальнага сайта orsha.eu, якія размяшчаць у тым ліку інфармацыю пра акцыю 12 сакавіка ў Оршы супраць дэкрэта прэзідэнта № 3 “Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства”.

«Фактычна разграмілі ўвесь офіс», – сказаў Анішчанка.

Супрацоўнікі сілавых структур прыехалі ў офіс каля 18.30. «Спачатку патрабавалі прад’явіць дакументы, нібыта тут друкуюцца фальшывыя грошы», – паведаміў актывіст.

Па словах актывіста, офіс дэмсіл знаходзіцца ў прыватным доме.

Анішчанка паведаміў, што ператрус праводзілі восем супрацоўнікаў міліцыі, да іх прыезду ў доме знаходзілася каля 20 прадстаўнікоў дэмакратычных партый.

«Думаем, што гэта звязана з акцыяй 12 сакавіка супраць дэкрэта № 3, бо сталі распаўсюджвацца ўлёткі па горадзе. Гэта – удар на апярэджанне», – лічыць Анішчанка.

Болей навін