Пратэсты ў Брэсце. Хто правакатары?

07 сакавіка 2017 16:50  |  Блог Віталя Рымашэўскага

Пратэсты ў Брэсце. Хто правакатары?

У нядзелю 5 сакавіка на пратэст ў Брэсце мне асабіста трапіць не ўдалося, бо разам з Вольгай Кавальковай, Анатолем Лябедзькам і Мікалаем Казловым быў некалькі разоў затрыманы па дарозе на акцыю ў Берасці.

Але пратэст адбыўся. Адбыўся дзякуючы такім мясцовым лідарам як Аляксандр Кабанаў. Пратэст адбыўся мірным чынам, насуперак планам ведамства Вакульчыка і Шуневіча, якія пераследам і затрыманнямі лідараў апазіцыі імкнуліся стварыць глебу для сілавых правакацый, каб дыскрэдытаваць пратэст і паказаць сваю “неабходнасць” дзейснаму рэжыму. Галоўнымі правакатарамі сёння з’яўляюцца супрацоўнікі і кіраўніцтва МУС і КДБ.

Затрыманні апазіцыянераў падкрэсліваюць, што міліцыі ў Беларусі закон не пісаны. Ніхто так не кампраметуе міліцыю, як сама міліцыя. Відавочна, надуманыя падставы затрымання. Маладых хлопцаў-міліцыянтаў прымушаюць хлусіць. Супраць нас выстаўлялі цэлыя аблавы. Мы ведаем, што дзяжурыла не менш за дзесяць пастоў ДПС. Па словах бярозаўскіх актывістаў, напярэдадні ўвесь дзень праходзілі трэніроўкі па перахопе з удзелам ДАІ Менска. Вось так марнуе народныя грошы беларуская міліцыя.

На шматлікія парады некаторых аналітыкаў і каментатараў канспіравацца і таемнымі сцежкамі ездзіць на акцыі пратэсту: раз і на заўсёды заяўляю, што ні ад каго хавацца не збіраюся. Хай у вайнушку гуляюць хлопчыкі з комплексамі непаўнавартасці, якія зараз узначальваюць МУС і КДБ. Мы будзем адкрыта ездзіць на акцыі пратэсту, выступаць. Мы добра разумеем, што штат дармаедаў у спецслужбах разьдзьмуты настолькі, што гуляць супраць іх іхнымі метадамі – поўнае глупства. Па іх правілах мы гуляць і хавацца не будзем. Я адкрыта заяўляю, што збіраюся ўдзельнічаць у акцыях пратэсту ў Маладзечна, у Пінску, Бабруйску і іншых гарадах, куды будзе час, здароўе і магчымасць даехаць.

Вакульчыку ж і Шуневічу хачу сказаць наступнае: так, можна збіць хвалю пратэсту сёння, можна прэвентыўнымі арыштамі і затрыманнямі пазбавіць магчымасці лідарам апазіцыі ўзначаліць акцыі пратэсту. Але гэтым вы толькі паскорыце сацыяльны выбух, які змяце вашу карупцыйную, наскрозь гнілую сістэму. Бо справа не ў дэкрэце №3. Большасць выходзіць на акцыі пратэсту, бо не могуць больш жыць на жабрацкія падачкі, што завуцца заробкамі на дзяржаўных прадпрыемствах, бо не хочуць больш трываць незаконных пабораў – ні мясцовых падатковых, ні ўрада ў Мінску. Людзі не хочуць больш цярпець беззаконне судоў і прававога бязмежжа міліцыі. Прычына масавых акцый пратэсту адна – банкруцтва беларускай мадэлі кіравання, беларускага рэжыму. І самастойна рэфармаваць гэтую сістэму вашыя ведамствы проста не здольныя. Раю МУС і КДБ заняцца сваімі наўпроставымі абавязкамі – абаронай грамадзян ад злачыннасці, ад наркагандляроў і бандытаў.

Дзякую Берасцю. Людзі паказалі, што могуць самаарганізавацца і годна правесці акцыі пратэсту. Наступная акцыя – Маладзечна, пятніца, 10 сакавіка, 18:00. Сустрэнемся на цэнтральнай плошчы.

Віталь Рымашэўскі

Болей навін