Павел Севярынец: беларускі народ патрабуе ад нас адзінства

09 сакавіка 2017 10:31  |  Галоўныя навіны

Павел Севярынец: беларускі народ патрабуе ад нас адзінства

Сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Павел Севярынец заклікаў дэмакратычныя сілы да яднання.

“Шматтысячныя пратэсты супраць “Дэкрэту нумар тры” праходзяць разам з патрабаваннем да Лукашэнкі: “Сыходзь!”. І гэта ўжо не столькі сацыяльны пратэст, колькі палітычны, – лічыць Павел Севярынец. – Рэакцыя рэжыму на гэты заклік – рэпрэсіі: дзясяткі затрыманняў, суды, арышты.

Але для нас важна тое, як самі дэмакратычныя сілы адказваюць на гэты заклік. Толькі тады, калі дэмакраты будуць яснай альтэрнатывай рэжыму, масавы народны пратэст можа быць паспяховым. Калі гэтага не будзе – пратэст будзе альбо падаўлены гвалтам, альбо асядланы Крамлём.

Таму ключавое патрабаванне ад абуранага народу да апазіцыйных сілаў – гэта патрабаванне адзінства. Высвятляць зараз, “хто галоўны” альбо “хто круцейшы” – значыць расчароўваць людзей. Рознасць стратэгічных сцэнароў і датаў пратэсту ў асобных кааліцыяў і групаў – раздрабленне і распыленне сілаў. Гэта прама вядзе да правакацыяў. Сцэнар 2010 года з адсутнасцю адзінага плану дзеянняў не павінны паўтарыцца!

Беларускаму народу зараз як паветра патрэбная наша еднасць. 25 сакавіка перад дзясяткамі тысячаў пратэстоўцаў мусіць стаяць адзіная каманда з адзіным планам дзеянняў. Амаль сто гадоў таму Рада БНР, што складалася з розных палітычных сілаў і амбітных асобаў, адказаць на запыт беларускага народа здолела.

Ужо сёлета пры абароне Курапатаў розныя сілы нацыянальнага руху з’ядналіся і дасягнулі перамогі. Беларускі Нацыянальны Кангрэс, Правацэнтрысцкая кааліцыя, БНФ, прадстаўнікі рэгіянальных штабоў пратэсту – тыя, каго беларусы хочуць бачыць у адным шчыльным шэрагу.

А вынікам адзінства дэмакратычных сілаў будзе салідарнасць народа”.

Болей навін