Хрысціянска-дэмакратычны рух патрабуе тэрміновага вызвалення затрыманых

12.03.2017, 18:51  |  Навіны » Палітыка

Хрысціянска-дэмакратычны рух патрабуе тэрміновага вызвалення затрыманых
Хрысціянска-дэмакратычны рух выказвае абурэнне масавымі рэпрэсіямі, у выніку якія былі затрыманыя ўжо дзясяткі актывістаў дэмакратычных арганізацый, журналістаў, блогераў і проста неабыякавых грамадзян, у тым ліку і старшыня ХДР Вольга Кавалькова.

Падобныя беззаконныя дзеянні, якія, не прадстаўляючыся, нахабна чынілі людзі ў цывільным, з’яўляюцца непрымальнымі для любога часу і любой дзяржавы, а тым больш у 21 стагоддзя для краіны ў цэнтры Еўропы. Такія дзеянні толькі павялічваюць градус супрацьстаяння ў грамадстве, што ў далейшым можа прывесці да кровапраліцця, адказнасць за якое будуць несці беларускія ўлады і персанальна кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка, старшыні КДБ і МУС і іншыя. Бо менавіта яны сваімі бяздумнымі дзеяннямі як у эканамічнай і сацыяльнай сферах, гэтак і ў палітычнай штурхаюць грамадзян Беларусі да супрацьстаяння адно з адным.

У якасці першых крокаў па нармалізацыі сітуацыі ў краіне мы патрабуем:

- Тэрміновага вызвалення ўсіх затрыманых і спынення супраць іх адміністратыўных працэсаў;

- Недапушчэння пераследу грамадскіх і палітычных актывістаў і пратэстуючых, калі яны паважаюць суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласць Беларусь;

- Тэрміновага скасавання дэкрэту № 3 “Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства”, кантрактнай сістэмы і іншых ганебных законаў і практык, у тым ліку датычачых страхавога стажу для налічэння пенсіі.

- Пачатку падрыхтоўкі правядзення сапраўднага, а не імітацыйнага круглага стала паміж уладамі і прадстаўнікамі дэмакратычных сілаў.

- Унясення ў выбарчае заканадаўства зменаў, якія б гарантавалі правядзенне свабодных і сумленных выбараў.

Адсутнасць падобных тэрміновых мераў будзе спрыяць эскалацыі сацыяльный напружанасці ў беларускім грамадстве, якой могуць скарыстацца варожыя для Беларусі сілы за яе межамі.

Навіны па тэме