Дзяніс Садоўскі: Мы павінны даказаць, што гаспадары ў краіне не міліцыя, а народ

13 сакавіка 2017 16:12  |  Галоўныя навіны

Дзяніс Садоўскі: Мы павінны даказаць, што гаспадары ў краіне не міліцыя, а народ

Адказны сакратар аргкамітэту партыі БХД Дзяніс Садоўскі лічыць, што 15 сакавіка ў Менску на Маршы недармаедаў збярэцца не менш за 5000 беларусаў. І спадзяецца, што акцыя пройдзе строга па заяўленым маршруце.

– Уся праца, якая была і да арышту партыйных лідараў, сёння працягваецца, – сказаў “Беларускаму партызану” Садоўскі. – Літаральна толькі што мы правялі нараду з удзелам прадстаўнікоў усіх дэмакратычных сіл, абмеркавалі планы і на 15 сакавіка, і на 25 сакавіка.

Што датычыцца нашых чаканняў адносна бліжэйшай акцыі, то, думаю, 15 сакавіка ў Менску збярэцца шмат людзей. Мы падавалі заяўку 31 студзеня і нам дазволілі акцыю з агульнай колькасцю ўдзельнікаў не больш за 1000 чалавек. Але ў студзені быў іншы час, менш абвостраны. Цяпер сітуацыя змянілася. І відавочна, што людзей прыйдзе значна больш. Я прагназую, што 15 сакавіка на вуліцу выйдзе больш за пяць тысяч чалавек.

Сёння з боку ўлады мы назіраем усякія розныя правакацыі ў дачыненні да ўдзельнікаў акцый пратэсту. І калі не лідараў затрымліваюць, то жыхароў рэгіёнаў арыштоўваюць на суткі. Таму, каб пазбегнуць рэпрэсій, мы 15 сакавіка пройдзем строга па тым маршруце, які дазволены.

Збярэмся каля Акадэміі навук і па вуліцы Сурганава адправімся на Бангалор. Колькі б людзей не прыйшло, мы пройдзем па пазначаным маршруце. Гэта наш горад, наша краіна, і мы павінны прадэманстраваць і даказаць, што гаспадары на гэтай зямлі не міліцыя, а беларускі народ.

25 сакавіка будзе таксама вельмі важная акцыя. Рэакцыі на нашу заяўку аб дазволе Дня Волі пакуль няма. Але пачакаем.

Вядома, ёсць пэўныя мінусы ў сувязі з затрыманнем апазіцыйных лідараў, але мы рыхтуемся да заяўленых акцыяў. У любым выпадку, у дэмакратычных сілаў дастаткова і людзей, і рэсурсу, каб узяць адказнасць і правесці гэтыя мерапрыемствы годна.

Колькі людзей прыйдзе на акцыю 25 сакавіка пакуль складана прагназаваць. Спачатку трэба перажыць 15 сакавіка. Калі паўторацца брутальныя затрыманні, то любыя прагнозы, у тым ліку і з нагоды 25 сакавіка, будуць недарэчныя. Але мы спадзяемся, што ва ўлады хопіць розуму не ладзіць новых правакацый і не праводзіць ніякіх арыштаў.

Беларускі партызан

Болей навін