Дзяніс Садоўскі: ніхто не ідзе на плошчу Бангалор, там мітынгу ня будзе

15 сакавіка 2017 14:35  |  Галоўныя навіны

Дзяніс Садоўскі: ніхто не ідзе на плошчу Бангалор, там мітынгу ня будзе

Марш недармаедаў у Менску дазволены, шэсьце ў бок плошчы Бангалор. Заяўнікі на прэс-канфэрэнцыі 13 сакавіка абвясьцілі, што акцыя пройдзе паводле зацьверджанага ўладамі сцэнару: збор а 17.30 каля Акадэміі навук, затым шэсьце ў бок плошчы Бангалор.

«Вуліца Сурганава — гэта таксама наш горад. 15 сакавіка пройдзем па ёй. Але ніхто не ідзе на плошчу Бангалор, там мітынгу ня будзе. Мы мяркуем, што фінальным пунктам шэсьця стане пляцоўка каля McDonald’s, дзе мы аб’явім, што наступная акцыя адбудзецца 25 сакавіка і будзе мець агульнанацыянальны характар», — патлумачыў Свабодзе адзін з заяўнікаў акцыі, прадстаўнік БХД Дзяніс Садоўскі.

Ён адзначыў, што падчас збору каля Акадэміі навук будзе прынятая рэзалюцыя, але вялікай колькасьці выступаў ня будзе — мітынг там не дазволены. Паводле задаволенай гарадзкімі ўладамі заяўкі, шэсьце павінна адбыцца з 18.00 да 20.00.

«Мы падкрэсьліваем, што правядзем акцыю ў дазволеным фармаце. Цяпер неабгрунтаванымі рэпрэсіямі ахопленая ўся Беларусь. Заклікаем людзей да стрыманасьці. Мы ня хочам даваць уладам нагоду і далей чыніць рэпрэсіі. Таму мы вырашылі правесьці акцыю паводле зацьверджанага ўладамі маршруту. Акцыя дазволеная, узгоднены з уладамі маршрут дасьць магчымасьць вялікай колькасьць людзей бяз боязі паўдзельнічаць у ёй», — сказаў адзін з заяўнікаў Дзяніс Садоўскі.

Усяго ў аргкамітэт кампаніі «Мы не дармаеды» ўваходзяць 9 структур, сярод якіх АГП, БХД, рух «За свабоду», Беларуская партыя «Зялёныя», БСДП(Г) ды іншыя. Кіраўнікі АГП, БХД і руху «За свабоду» Анатоль Лябедзька, Віталь Рымашэўскі, Павал Севярынец і Юрась Губарэвіч арыштаваныя падчас акцыі супраць дэкрэту № 3 ў Маладэчне і Воршы.

Радыё Свабода

Болей навін