Рамана Ганчарова затрымалі падчас расклейкі абвестак пра Марш недармаедаў

15 сакавіка 2017 14:52  |  Палітыка

Рамана Ганчарова затрымалі падчас расклейкі абвестак пра Марш недармаедаў

10 сакавіка каардынатара Беларускай хрысціянскай дэмакратыі ў Маладзечне Рамана Ганчарова затрымалі падчас расклейкі абвестак пра запланаваны на вечар таго дня Марш недармаедаў. “Хацеў яшчэ расклеіць абвестак, каб больш людзей было”, – адзначыў актывіст ужо па выхадзе з-за кратаў.

Затрымалі яго яшчэ каля 07:00 раніцы 10 сакавіка, але, паколькі патэлефанаваць яму не давалі, то да раніцы 11-га яго лёс быў невядомы. Падчас расклейкі абвестак да яго падышоў чалавек у цывільным і, назваўшыся міліцыянтам, запатрабаваў прайсці з ім. На просьбу прадставіцца і паказаць пасведчанне, чалавек у цывільным схапіў Рамана Ганчарова за куртку і пацягнуў да машыны, дзе яго ўжо чакалі калегі.

Актывіста даставілі ў аддзяленне міліцыі, дзе канфіскавалі ўлёткі і клей ды пачалі складаць пратакол. Складанне пратаколу зацягнулася на доўга, затым Рамана Ганчарова пачалі вазіць то ў суд, то назад у аддзяленне міліцыі. У выніку суд пачаўся толькі каля 17:30, але таксама цягнуўся вельмі марудна. На думку каардынатара, міліцыянты чакалі развіцця падзей падчас Маршу недармаедаў і, калі стала зразумела, што на яго выйшла шмат людзей, асудзілі, прызначыўшы пакаранне ў выглядзе пяці сутак арышту.

У камеры, адзначыў Раман Ганчароў, умовы былі кепскія. Па коўдры скакалі блохі, а ад мясцовай ежы ў яго здарылася незварэнне. Выйшаў ён на волю толькі 15 сакавіка.

Болей навін