Падобныя слугі народу не патрэбны!

16 сакавіка 2017 12:26  |  Блог Таццяны Севярынец

Падобныя слугі народу не патрэбны!

Адчыніўшы дзверы амбулаторыі для дарослых ў Білева, м-н Віцебска, чыноўнікі бадзёра пацёрлі рукі, шчасліва ўздыхнулі і адрапартаваліся. Мы, ініцыятары кампаніі “За якасную медыцыну для ўсіх”, таксама: ну, хоць нешта, хоць нейкая палёгка людзям будзе. 9 участкаў перавялі, зараз паліклініка №3 пазбавіцца велічэзных чэргаў. Змірыліся людзі, што абяцаны з 2010 году паліклінічны комплекс у Білева нават з планаў горада знік, парадаваліся хаця б амбулаторыі.

Ага. Не тут-та было! Перш чым білеўцу патрапіць да тэрапеўта, ён павінен ехаць у паліклініку і ўзяць картку (абяцалі, што карткі будуць у амбулаторыі), можаш нават сабе яе пакінуць(?). Талончык да доктара замовіш па нэту. Прыйшоўшы з карткай да доктара, ты павінен падумаць, чым і як дыхаць будзеш, бо ў амбулаторыі паветра сканчваецца перад уваходам. Каб упусціць яго ў памяшканне пры любым надвор’і, вымушаны дактары адчыняць вокны і ў калідоры, і ў кабінетах. Іншай вентыляцыі не прадугледжана. Што пры гэтым адбываецца, зразумела. Скразнякі хваробу не праганяюць – дадаюць.

Прызначаныя аналізы, насуперак абяцанням сп. Дзеркача Ю.(начальнік абласнога ўпраўлення аховы здароўя), білевец павінен здаваць у той жа паліклініцы №3, туды ж бегчы па адказ. А ў амбулаторыі ёсць працэдурны кабінет, толькі яго няма, такая калізія. Хлусіць у сваім адказе сп. Бялевіч, старшыня Віцебскага гарсавету, на нашае пытанне, калі ж запрацуе той кабінет. Працуе… на паперы. Абяцалася, што тут у пацыента аналізы возьмуць, цягам 2-3-х гадзін яны будуць дастаўлены ў лабараторыю, а адтуль ужо адказ патрапіць да твайго доктара ў Білева. Як бы не так!

Трэба браць бальнічны? Цягніся зноўку ў паліклініку №3, там стаў пячатку.

Дык што гэта такое?

А яшчэ ж запланаваны дзіцячы медыцынскі офіс. Абяцалі адчыніць яго яшчэ ў снежні 2016-га, перанеслі на снежань 2017. Але калі ён будзе такім жа, то лепш не трэба! Ну не трэба так здзекавацца з людзей, спадары дзеркачы-цітовічы-бялевічы-мікалайкіны! Ды й увогуле – прэч з пасад! Падобныя слугі народу не патрэбны!

Таццяна Севярынец

Болей навін