Павел Севярынец: Беларуская хрысціянская дэмакратыя – гэта не нейкая новая ідэя (відэа)

19 сакавіка 2017 13:25  |  Галоўныя навіны

Павел Севярынец: Беларуская хрысціянская дэмакратыя – гэта не нейкая новая ідэя (відэа)

У 2017 годзе ў Беларусі адзначаецца стагоддзе першай беларускай хрысціянска-дэмакратычнай партыі – Беларускай хрысціянска-дэмакратычнай злучнасці, якая была заснаваная 24-25 траўня 1917 года, калі ў Менску ў касцёле Найсвяцейшай Панны Марыі адбыўся з’езд беларускага каталіцкага духавенства.

“30 святароў-беларусаў абвесцілі: Беларусі патрэбная ўласная беларуская школа, Касцёл, які служыць на беларускай мове, беларуская хрысціянская газета і беларуская хрысціянская палітычная партыя”, – адзначыў у сваім відэазвароце сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Павел Севярынец. Зварот быў запісаны перад яго затрыманнем 12 сакавіка ў Воршы.

Ён нагадаў, што беларуская хрысціянская дэмакратыя – гэта не нейкая новая ідэя, бо імкненне да дэмакратыі і свабодалюбства разам з моцным хрысціянствам былі складовымі поспеху ў Беларусі больш за 1000 гадоў. “Фактычна з часоў Полацкага княства і Вялікага княства Літоўскага хрысціянская дэмакратыя была палітычным хрыбтом беларускай нацыі”, – дадаў палітык.

Паводле яго, у міжваеннай Заходняй Беларусі, дзе былі розныя беларускія партыі, БХД адзінай абвяшчала, што “Беларусь мусіць быць незалежнай і ад Захаду, і ад Усходу, што Беларусь павінная грунтавацца на хрысціянскіх падставах”. “Менавіта БХД аказалася найбольш эфектыўнай палітычнай мадэллю, бо беларускія хрысціянскія дэмакраты заклікалі не толькі галасаваць за іх на выбарах, расклейвалі ўлёткі і публікавалі праграмы. Яны вялі вельмі шырокую дзейнасць: і гаспадарчую, і культурніцкую, і сацыяльную – дзеля таго, каб з’яднаць беларусаў”, – падкрэсліў Павел Севярынец.

Цалкам відэазварот глядзіце на відэа:

Болей навін