Алена Шабуня, Таццяна Севярынец і Георгій Станкевіч распавялі ААН аб парушэнні сваіх правоў

20.03.2017, 10:44  |  Галоўныя навіны, Палітыка

Алена Шабуня, Таццяна Севярынец і Георгій Станкевіч распавялі ААН аб парушэнні сваіх правоў
Алена Шабуня, Таццяна Севярынец і Георгій Станкевіч звярнуліся ў ААН і распавялі аб парушэнні сваіх правоў. Яны просяць прызнаць Рэспубліку Беларусь парушальнікам артыкулаў Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах чалавека

15 сакавіка ў Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, Алена Шабуня, Таццяна Севярынец і Георгій Станкевіч накіравалі паведамленне ў Камітэт ААН па правах чалавека.

27 ліпеня 2016 года ў строгай адпаведнасці з артыкулам 61 Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь яны збіралі подпісы выбаршчыкаў для вылучэння сваіх кандыдатур у кандыдаты ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання. Збор подпісаў праводзіўся ў форме групавога пікетавання. А для прыцягнення выбаршчыкаў выкарыстоўвалася палотнішча бел-чырвона-белага колеру з эмблемай Беларускай Хрысціянскай дэмакратыі, калектыўнае распяванне песень «Магутны Божа» (народны гімн Рэспублікі Беларусь) і «Сцяг» (пра нацыянальны сцяг Рэспублікі Беларусь) са скандаваннем фразы «Жыве Беларусь!» .

Як вядома, атрыманне дазволу на правядзенне пікетавання для названай мэты не патрабуецца, калі яно праводзіцца ў месцах, не забароненых мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі. А ў адпаведнасці з Рашэннем Віцебскага гарадскога выканаўчага камітэта ад 27 чэрвеня 2016 года №862 месца правядзення пікетавання ў пераліку забароненых як раз адсутнічае.

31 жніўня 2016 года супрацоўнікамі міліцыі аддзела ўнутраных спраў адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Віцебска былі складзены пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэнні.

Згодна з пратаколамі, Алена Шабуня, Таццяна Севярынец і Георгій Станкевіч абвінавачваліся ва ўдзеле ў пікетаванні на вулічнай пляцоўцы каля падземнага пераходу да Летняга амфітэатра, парушаючы ўстаноўлены Законам Рэспублікі Беларусь "Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь» парадак.

Дадзеныя пратаколы 26 верасня 2016 года былі разгледжаны суддзёй суда Кастрычніцкага раёна Віцебска Царыкавым У.М, які аштрафаваў кожнага на 105 рублёў.

Згодна з пастановай суда, усе трое былі прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці за ўдзел у публічным выразе грамадска-палітычных поглядаў з дапамогай групавога пікетавання з выкарыстаннем штандару бел-чырвона-белага колеру з эмблемай Беларускай Хрысціянскай дэмакратыі, што суправаджалася распяваннем песень пра бел-чырвона-белы сцяг і выкрыкам слоў «Жыве Беларусь!».

Суду не прадстаўленыя доказы таго, што ўдзел грамадзян у пікетаванні хоць якім-небудзь чынам замахнуўся на інтарэсы дзяржаўнай ці грамадскай бяспекі, грамадскі парадак, ахову здароўя і маральнасць насельніцтва або на правы і свабоды іншых асоб. А значыць, прыцягненне да адміністрацыйнай адказнасці парушыла права, гарантаванае артыкуламі 19 і 21 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.

Вычарпаўшы ўсе эфектыўныя і надзвычайныя сродкі абароны ўнутры Беларусі, каб абараніць свае парушаныя правы, а менавіта: звароты ў суды ўсіх узроўняў, Алена Шабуня, Таццяна Севярынец і Георгій Станкевіч мяркуюць несумяшчальным з палажэннямі Пакта тую акалічнасць, што Беларусь аддае прыярытэт прымяненню свайго нацыянальнага заканадаўства над сваімі абавязацельствамі па Пакце. А таму накладанне адміністрацыйнага спагнання за выказванне меркавання на мірным сходзе лічаць ухіленнем Беларусі ад узятых абавязацельстваў па недапушчальнасці здзяйсняць дзеянні, накіраваныя на знішчэнне правоў і свабод, прадугледжаных Пактам.

Усе трое звярнуліся ў Камітэт ААН па правах чалавека, бо для іх важна спыніць практыку парушэнняў Рэспублікай Беларусь грамадзянскіх і палітычных правоў, а трэба паважаць і забяспечваць правы, якiя прызнаюцца ў Міжнародным пакце аб грамадзянскіх і палітычных правах.

Алена Шабуня, Таццяна Севярынец і Георгій Станкевіч просяць прызнання сваіх паведамленняў для разгляду ў Камітэце ААН па правах чалавека, прыняць Рашэнне аб прызнанні скаргаў абгрунтаванымі, а таксама прызнаць Рэспубліку Беларусь парушальнікам артыкулаў 19 і 21 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах і абавязаць Беларусь ліквідаваць дапушчаныя парушэнні.

За дапушчаныя парушэнні правоў, гарантаваных Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах, Алена Шабуня, Таццяна Севярынец і Георгій Станкевіч прапануюць пакрыць матэрыяльны і маральны ўрон у выглядзе грашовай кампенсацыі.

Нагадаем, што Таццяну Севярынец адразу пасля “Марша недармаедаў” 26 лютага забралі ў Кастрычніцкі РАУС. Праўда, праз некалькі гадзін выпусцілі.

Витебский курьер

Навіны па тэме