Судовы выканаўца апісала мабільны тэлефон Рамана Ганчарова

29 сакавіка 2017 13:10  |  Палітыка

Судовы выканаўца апісала мабільны тэлефон Рамана Ганчарова

27 сакавіка судовы выканаўца апісала мабільны тэлефон і наклала арышт на зняцце з уліку аўтамабіля каардынатара БХД у Маладзечне Рамана Ганчарова.

Выканаўчыя вытворчасці былі ўведзеныя ў сувязі з неаплаты штрафу, які прысудзіла 26 кастрычніка 2016 года суддзя суду Цэнтральнага раёна Менска Вікторыя Шабуня за тое, што актывіст 30 верасня, 5, 7 і 10 кастрычніка ў падземным пераходзе станцыі метро “Кастрычніцкая” ў Менску прыняў удзел у несанкцыянаваным пікетаванні, падчас якога размясціў стэнд з тканіны з выявай бел-чырвона-белага сцяга і надпісам “Бел-чырвона-Белы сцяг Хрыста” і збіраў подпісы з мэтай прызнання бел-чырвона-белага сцяга гісторыка-культурнай каштоўнасцю. Суд пастанавіў прысудзіць 1050 рублёў (50 базавых) штрафу.

“Штрафы давалі нават тым, хто проста падыходзіў на станцыю метро з мэтай збору подпісаў. Усім ўдзельнікам акцыі пісалі, што гэта яны размяшчалі стэнд. Пратаколы складалі на ўсіх аднолькавыя”, – паведаміў каардынатар БХД.

Ён таксама нагадаў, што 15 снежня суддзя суду Цэнтральнага раёна Мінска Юлія Густыр за тое, што ён 25 лістапада на Кастрычніцкай плошчы ўдзельнічаў у несанкцыянаваным пікетаванні, падчас якога трымаў плакат з надпісам “Беларусь мае быць Беларускай” і выкрыкваў лозунгі, прысудзіла штраф у суме 840 рублёў (40 базавых).

“За незаконныя, неканстытуцыйныя рэпрэсіі супраць народа ўлада дасць адказ. Улада зайшла ў тупік, бо не можа нічога прапанаваць акрамя рэпрэсій. Ганьба такой уладзе. Я выказваю салідарнасць з усімі палітвязнямі. Перамога будзе за намі. Але калі і церпіце за праўду, дык вы дабрашчасныя; а страху іх ня бойцеся і не бянтэжцеся (Першае Пятра 3:14)”, – нагадаў Раман Ганчароў.

Болей навін