«Народныя пратэсты яшчэ будуць абавязкова»

29 сакавіка 2017 20:55  |  Палітыка

«Народныя пратэсты яшчэ будуць абавязкова»

Грамадзянскія актывісты зь Віцебску і Воршы — гарадоў, дзе адбыліся «Маршы недармаедаў», таксама перакананыя, што пратэсты будуць працягвацца.

Тацяна Севярынец, віцебская каардынатарка аргкамітэту партыі БХД, аштрафаваная за ўдзел у акцыі «недармаедаў» на 50 базавых велічыняў — 1150 рублёў.

«Пратэсты супраць дэкрэту № 3 яшчэ будуць, бо яны ня страцілі сваёй актуальнасьці, дэкрэт не адменены. Аднак ужо падчас пратэстаў эканамічных пачалі гучаць палітычныя лёзунгі — „Лукашэнка, сыходзь!“, „Годзе!“, „Досыць!“ і гэтак далей… І я думаю, што абураныя беларусы выходзілі б на акцыі пратэсту штодня, бо жыцьцём яны дужа незадаволеныя.

З другога боку, распачаліся такія рэпрэсіі, што людзей зноў застрашваюць. Арыштамі, жорстка і беспадстаўна, штрафамі (а грошай і так мала)… Улада дэманструе, што яна гатовая нават да крыві. Пра гэта сьведчыць гвалт пры затрыманьнях, як прэвэнтыўных, так і падчас акцыяў. Страшна глядзець стужку навін у „Фэйсбуку“ — там толькі нэгатыў, суды, пакараньні… Я думаю, што да самых адчайных пратэстаў людзі яшчэ не гатовыя, што іхны адчай дасягнуў пэўнага ўздыму, а самаарганізацыя — яшчэ не. Таму нам усім трэба гуртавацца. Ствараць народныя камітэты ці проста яднацца вакол аўтарытэтных людзей — на працы, у двары, паўсюль… Народныя пратэсты яшчэ будуць абавязкова!»

«Увосень ізноў будзе гарачая пара»

У Слоніме ў акцыі пратэсту ўзялі ўдзел звыш 300 чалавек. Адзін з актывістаў, Віктар Марчык, быў асуджаны на пяць сутак арышту.

Актывіст БХД Алесь Масюк, аналізуючы сытуацыю ў сваім горадзе, найперш зьвяртае ўвагу на тое, што ў ёй узялі ўдзел шмат людзей, прычым напярэдадні іх запалохвалі, праводзілі ў школах бацькоўскія сходы і прасілі не хадзіць на акцыю.

«Можа, толькі на лета акцыі прыпыняцца. Але ўвосень, мне здаецца, ізноў будзе даволі гарачая пара. І людзі ўжо цяпер гавораць пра гэта.

Эканамічная сытуацыя выштурхнула людзей на вуліцу, і шмат у каго прапала боязь. Вельмі многія казалі, што ўжо няма чаго губляць, бо заробкі малыя, працы няма і г.д. Але яшчэ болей людзей казалі, што яны стаміліся ад кіраваньня аднаго чалавека, дастаў ён ужо… І ўразіла тое, як зусім не заангажаваныя ў палітыку людзі актыўна выступалі на гэтай акцыі. Кожны расказваў сваю гісторыю, сваю бяду. І відаць, што ўлады пачынаюць шукаць выйсьця з сытуацыі, але на раённым узроўні яны нічога ня могуць зрабіць».

Рымашэўскі: «Наша мэта — арганізацыя агульнанацыянальнага страйку

Сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі перакананы, што акцыі пратэсту супраць дэкрэту № 3 будуць працягвацца і далей:

«Мы будзем падаваць заяўкі на правядзеньне акцыяў найперш у тых гарадах, у якіх пратэстаў яшчэ не было. Я думаю, што гэта таксама будзе тэст для дзейнага рэжыму, які ўсё ж такі імкнецца аднавіць кантакты з Захадам. Так што будзем дзейнічаць выключна ў рамках закону, падаваць заяўкі. І запрашаем туды мясцовыя ўлады: хай прыходзяць, хай пачуюць, што думаюць пра іх людзі.

Наша мэта — арганізацыя агульнанацыянальнага страйку з двума патрабаваньнямі: эканамічных рэформаў і адстаўкі ўраду з правядзеньнем свабодных дэмакратычных выбараў паводле стандартаў АБСЭ. Гэтага ўсяго можна дасягнуць, калі людзі кансалідавана падтрымаюць гэтую ідэю. Можа, ня так проста гэта зрабіць на практыцы, але гэта ўсё дасяжнае. Гэта якраз негвалтоўны варыянт».

Радыё Свабода

Болей навін