У Беларусі патрабуюць вызвалення затрыманых па справе аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў

31.03.2017, 08:57  |  Галоўныя навіны, Палітыка

У Беларусі патрабуюць вызвалення затрыманых па справе аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў
Да 50 прадстаўнікоў палітычных партый, грамадскіх арганізацый, а таксама праваабаронцы, актывісты і сваякі затрыманых па справе аб падрыхтоўцы да масавых беспарадкаў прынялі ўдзел у форуме «Свабоду палітвязням», які адбыўся 30 сакавіка ў Мінску. Пра гэта БелаПАН паведаміў сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Павел Севярынец.

Як паведамлялася, 21-22 сакавіка стала вядома пра шматлікія затрыманні грамадзян у рамках узбуджанай крымінальнай справы аб падрыхтоўцы да масавых беспарадкаў (ч. 3 арт. 293 КК). Усе затрыманыя - больш за 25 чалавек - ўзятыя пад варту і змешчаны ў СІЗА КДБ і СІЗА № 1 Мінска.

На дадзены момант, паведаміў Севярынец, не вядома, каму і якія выстаўлены абвінавачанні. Сітуацыя павінна высветліцца 31 сакавіка, калі скончыцца 10 дзён з дня затрымання першых фігурантаў справы. Ім павінны афіцыйна прад'явіць абвінавачанне ці адпусціць.

Калі затрыманых не выпусцяць, паведаміў Севярынец, актывісты маюць намер правесці акцыі з партрэтамі затрыманых і свечкамі каля будынкаў КДБ і МУС.

Севярынец таксама сказаў, што сёння на форуме збіраліся сродкі для сем'яў затрыманых, падпісваліся паштоўкі, а таксама быў падрыхтаваны зварот да ўладаў з патрабаваннем выпусціць на свабоду затрыманых. Тэкст дакумента будзе апублікаваны ў бліжэйшы час.

«Чакаем падзей заўтра, калі ў дачыненні да першых затрыманых у КДБ будзе ці вызваленне, або прад'яўленне абвінавачванняў. Калі не адпускаюць, пачынаем шырокую інфармацыйную кампанію ў іх падтрымку», - сказаў палітык.

Naviny.by

Навіны па тэме