Месяц працы сябра БХД на чале вясковага цэнтра культуры

04 красавіка 2017 10:59  |  Палітыка

Месяц працы сябра БХД на чале вясковага цэнтра культуры

У сакавіку ў вёсцы Побалава ў Рагачоўскім раёне пачаў працаваць новы дырэктар Цэнтра культуры і адпачынку Дзяніс Дашкевіч. Падзея была б шараговай, калі б не адно «але»: за Дзянісам даўно замацаваўся імідж галоўнага мясцовага апазіцыянера, а тут яго нечакана ўзялі на пасаду, дзейнасць якой кантралюе аддзел ідэалогіі.

«Я падумаў, што гэта жарт»

Дзяніс скончыў каледж мастацтваў імя Н. Сакалоўскага ў Гомелі, адбыў размеркаванне ў Брагіне. Пазней ён спрабаваў шукаць працу самастойна ў Рагачове (пераехаць туды вымусілі сямейныя абставіны), але безвынікова. Прычына таму — і агульная эканамічная сітуацыя і, на думку хлопца, яго палітычныя погляды.

Дэмакратычны актывіст ад партыі БХД не збіраўся не па сваёй віне станавіцца «дармаедам», і, як толькі ў іх райвыканкам, прыехаў чыноўнік з Адміністрацыі прэзідэнта, пайшоў да яго на прыём. Амаль адразу пасля гэтага хлопца ўладкавалі ў Побалаўскі сельскі цэнтр культуры і адпачынку.

«Такая навіна стала шокам нават для мяне. Спачатку я падумаў, што гэта нейкі жарт, — згадвае наваспечаны дырэктар.

«Можа, яны думалі, што я адмоўлюся ехаць у вёску, але, па-першае, не бачу нічога дрэннага ў невялікіх населеных пунктах. Па-другое, для мяне гэта эксперымент: ці зможа чалавек з альтэрнатыўнымі поглядамі змяніць нешта хаця б у межах пасёлка? Таксама мне вельмі цікава на свае вочы ўбачыць, як працуе дзяржаўная сістэма: звычайна падобная інфармацыя мае закрыты характар».

«Мясцовыя глядзелі коса толькі першыя шэсць гадзін»

Акрамя таго, што Дзяніс актыўна выказвае свае погляды ў сацсетках, ён яшчэ кіруе так званым народным парталам «Рагачоў Анлайн», які, у адрозненні ад мясцовай афіцыйнай газеты, можа дазволіць сабе любыя тэмы і крытыку. Прысутнасць такога чалавека побач не ўзрадавала старшыню Побалаўскага сельскага савета Таццяну Антушэвіч: «На нашых планёрках мне забаранілі выкарыстоўваць ноўтбук, чамусьці палічыўшы, што буду весці стрымы». Сітуацыя абвастрылася, калі Дашкевіч не дазволіў сваім падначаленым ісці на так званыя суботнікі, якія старшыня часта праводзіць у працоўны час. З астатнімі жыхарамі Дашкевіч хутка пабудаваў дыялог.

«У мяне быў імідж апазіцыянера, «бандэраўца». Калі я толькі прыехаў, людзі ставіліся да мяне з недаверам». Аднак ужо праз месяц побалаўцы, наадварот, пацягнуліся да новенькага, пачалі дзяліцца асабістымі праблемамі, выказваць набалелае».

Чаго ж паспеў дасягнуць былы «дармаед» за месяц працы ў галіне культуры? Большую частку часу адняла праца з паперкамі, але ёсць і практычныя вынікі. У Побалава пачала працаваць студыя графічнага дызайну, дзе вучаць асновам фота і відэа. Папулярнасцю карыстаюцца аб’яднанне праграмістаў-пачаткоўцаў, курсы па гітары. Усё больш людзей наведвае дыскатэкі і рэтра-вечарыны па суботах: мясцовым жыхарам нават дазволілі адпачываць да дзвюх гадзін ночы, што раней было немагчымым. У хуткім часе Дашкевіч хоча арганізаваць курсы камп’ютарнай пісьменнасці для людзей сталага ўзросту. А яшчэ марыць пра асаблівыя мерапрыемствы, прысвечаныя беларускай мове.

«Першае, што я зрабіў, калі прыехаў сюды, гэта наўпрост спытаў у мясцовых жыхароў, моладзі, чаго ім не хапае.

Я ведаю калег, якія робяць 300 мерапрыемстваў на год толькі для прыгожай справаздачы. Гэта можа быць, напрыклад, выстава, прысвечаная Дню яднання народаў Беларусі і Расіі, з адным плакатам і кніжкай. На яе дакладна ніхто не прыйдзе, але яна ж была! У нашым цэнтры культуры па выніках месяца колькасць мерапрыемстваў знізілася, затое стала больш наведвальнікаў».

«Мы — адсталая краіна, таму трэба спяшацца»

Як толькі высветлілася, на якой пасадзе будзе працаваць актывіст Дзяніс Дашкевіч, некаторыя з людзей абурыліся: знайшліся тыя, хто ўспрыняў гэта як здраду, мяркуючы, што немагчыма захаваць сваю грамадскую пазіцыю, пачаў працаваць у дзяржаўнай сістэме. Вырашальным момантам у тым, каб упэўніцца ў гэтым, для такіх побалаўцаў стала рагачоўская акцыя пратэсту супраць дэкрэта №3, якую Дзяніс Дашкевіч як адзіны на раён актывіст павінен быў узначаліць. Аднак 12 сакавіка ён туды не прыехаў.

«Улада паставіла задачу, каб мяне на акцыі не было, і яна яе выканала. У той дзень да нас знянацку прыехала праверка, якую як дзяржслужачы я ігнараваць не мог: толькі б падмацаваў імідж апазіцыянераў як ненадзейных людзей. Адна з маіх асноўных мэтаў зараз — прадэманстраваць хаця б мясцоваму насельніцтву, што і ў апазіцыі ёсць разумныя людзі, якіх можна і трэба пускаць працаваць у розныя структуры. Мае эфектыўныя дзеянні на месцы прынясуць людзям больш карысці, чым выступ на плошчы, так мне здаецца».

Дзяніс кажа, што не ведае, наколькі кіраўніцтву раёна і далей будзе падабацца яго схема працы: пакуль у яго нават не скончыўся трохмесячны выпрабавальны тэрмін. Упэўненасці ў заўтрашнім дні няма. Але сам ён хоча зрабіць для Побалава як мага больш.

«Адзін з чыноўнікаў зрабіў мне заўвагу, маўляў, рабі ўсё паступова, куды ты ляціш? Але ж мы і так адстаём шмат ад якіх краін ў развіцці, чаго чакаць? Наадварот, трэба спяшацца, каб не сутыкнуцца з кропкай незвароту».

Пра сваю дзейнасць у Побалава Дзяніс Дашкевіч нават здымае відэаблог. Зацаніце!

Кацярына Карпіцкая, Наша Ніва

Болей навін