Павел Севярынец: беларуская зямля нараджае людзей гатовых ахвяравацца дзеля Бога і дзеля Беларусі (відэа)

04 красавіка 2017 14:55  |  Галоўныя навіны

Павел Севярынец: беларуская зямля нараджае людзей гатовых ахвяравацца дзеля Бога і дзеля Беларусі (відэа)

Прадстаўляем вашай увазе відэазварот сустаршыні Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Паўла Севярынца адносна ахвярнага лёсу беларускага святара Юрыя Кашыры. Відэазварот быў запісаны перад тым, як 31 сакавіка быў затрыманы сустаршыня БХД.

Сёння я прапаную паразмаўляць пра Юрыя Кашыру – вядомага і адначасова невядомага беларуса, святара, які ахвяраваў сваім жыццём дзеля сваіх бліжніх.

Юры Кашыра нарадзіўся 4 красавіка ў вёсцы Росіца, гэта сённяшні Верхнядзвінскі раён, Віцебшчына, блізка ад мяжы з Латвіяй. Гэта быў звычайны, вясковы хлопец з праваслаўнага роду, продкі ў яго былі калісьці ўніятамі. Гэты хлопец у сталым узросце свядома выбраў для сябе служэнне Ісусу Хрысту і пайшоў у кляштар марыянаў у Друі, мястэчку, якое стаіць недалёка ад Росіцы на высокім беразе Дзвіны. У гэтым кляштары тады працавалі заснавальнікі Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі – айцец Андрэй Цікота, Язэп Германовіч, Фабіян Абрантовіч. Яны прынялі хлопца.

Юры Кашыра навучаўся ў Друі, затым быў адпраўлены на навучанне ў Рым, як хлопец здольны, вывучаў тэалогію, філасофію і вярнуўся ў 1935 годзе ў Друю. Быў высвечаны на ксяндза, каб служыць у цяжкі час свайму ўласнаму народу. У 1938 годзе Друйскі кляштар зачынілі польскія ўлады, якія падазравалі марыянаў і хрысціянскіх дэмакратаў у антыпольскай, беларускай, незалежніцкай прапагандзе. У 1939 годзе, пасля таго як у Беларусь прыйшлі бальшавікі, натуральна, былі разагнаныя і манаскія супольнасці. Юрыю Кашыру давялося пераходзіць, бадзяцца ад аднаго кляштара, касцёла да іншага, пакуль на пачатку вайны ён не апынуўся ў роднай Росіцы, дзе стаў як ксёндз дапамагаць свайму калегу Антонію Ляшчэвічу.

Надышла вайна. Калі беларусы пачалі сыходзіць у партызаны і арганізавалі супраціў акупантам немцы запланавалі страшную, карную акцыю пад назвай “Зімовае чараўніцтва”. На некалькі дзясяткаў кіламетраў вёскі ў лясной зоне каля Асвеі былі вызначаныя на знішчэнне. Немцы планавалі папаліць вёскі, угнаць людзей альбо на працу ў Германію, альбо знішчыць іх, атруціць калодзежы, пазабіваць жывёлу, каб у партызанаў і руху супраціву проста не было базы ў гэтых лясах. І ў родную для Юрыя Кашыры Росіцу 16 лютага 1943 года прыехалі карнікі, яны сагналі ўсіх людзей у некалькі памяшканняў: у касцёл, у школу, у адрыны і пачалі так званую сартыроўку. Частку людзей, хто мог працаваць, адпраўлялі ў Саласпілс, канцэнтрацыйны лагер, а частку тых, хто працаваць не мог альбо выклікаў падазрэнне, проста зачынялі ў вясковых памяшканнях і палілі.

Нямецкія ўлады адразу сказалі нямецкім святарам і манашкам, сёстрам-еўхарысткам, якія прысутнічалі ў Росіцы, у Росіцкім касцёле, што яны могуць свабодна выехаць з зоны правядзення гэтай аперацыі. Але трэба сказаць, што і Юрый Кашыра, і Антоні Ляшчэвіч, і сёстры-еўхарысткі адмовіліся гэта зрабіць. Яны засталіся са сваімі парафіянамі, яны засталіся з беларускім народам. Колькі дзён Юры Кашыра і Антоні Ляшчэвіч спавядалі, прычашчалі беларусаў перад смерцю і загінулі ў агні Росіцы разам з імі. Усяго было знішчана больш за паўтары тысячы чалавек.

Лёс Юрыя Кашыры доўгі час быў невядомы, але пасля перабудовы і ў касцёле, і сярод землякоў памяць пра ксяндзоў, якія пайшлі на смерць дзеля сваіх блізкіх ажыла. Ксёндз Вячаслаў Пялінак правёў раследаванне, інфармаваў пра гэта касцёл, пачалася справа беатыфікацыі Юрыя Кашыры. 13 чэрвеня 1999 года ён быў вызнаны блаславёным. Пісьменніца Ірына Жарнасек, сын якой, дарэчы, таксама ксёндз, напісала цудоўны раман пра Росіцу “Будзь Воля Твая”.

Таму 4 красавіка, у дзень нараджэння Юрыя Кашыры, мы згадваем пра тое, што беларуская зямля нараджае людзей гатовых ахвяравацца дзеля Бога і дзеля Беларусі. Мы бярэм прыклад з гэтых людзей і мы, сённяшнія хрысціянскія дэмакраты, павінны разумець, што можа прыйсці час, калі трэба будзе стаяць у сваёй веры цвёрда. Калі ідуць выпрабаванні і веруючыя, і святары павінныя быць са сваім народам да канца.

Сёння пілігрымкі ідуць у Росіцу і гэта няпроста даніна памяці, гэта жывая сцежка ад тых часоў, часоў уціску, прыгнёту, вайны і выпрабаванняў, сцежка да сённяшніх часоў, калі Беларусам і беларусі таксама цяжка.

Болей навін