Пасол Польшчы ў Беларусі адкліканы ў Варшаву для кансультацый

09.02.2010, 08:12  |  Навіны, Палітыка

Міністэрства замежных справаў Польшчы адклікала ў Варшаву на кансультацыі амбасадара Польшчы ў Беларусі Генрыка Літвіна ў сувязі з заняццем міліцыяй Дома польскага ў Івянцы.

 

Прэс-сакратар польскага МЗС Пётр Пашкоўскі заявіў, што адкліканне пасла на кансультацыі –  гэта палітычны сігнал, што польская дыпламатыя негатыўна ацэньвае дзеянні, прадпрыманыя беларускімі ўладамі ў дачыненні да палякаў Беларусі.

Тым часам пасол Беларусі ў Польшчы Віктар Гайсёнак быў выкліканы ў польскае Міністэрства замежных справаў, дзе віцэ-міністр Анджэй Крэмэр выказаў яму сур'ёзную занепакоенасць дзеяннямі беларускіх праваахоўных органаў.

«Такія рэпрэсіўныя дзеянні для нас непрымальныя», — пераказаў словы віцэ-міністра прэс-сакратар МЗС.

 

Сітуацыю вакол Дома польскага ў Івянцы пракаментаваў сёння ў перадачы «Пасля 20.00» тэлеканала TVP Info міністр замежных справаў Польшчы Радаслаў Сікорскі. Ён сярод іншага заявіў: «Захаванне правоў меншасцяў – гэта важная ўмова збліжэння з Еўрасаюзам. Але выбар тут за Беларуссю. Ёй ніхто не забароніць, калі яна захоча самаізалявацца».

Паводле Сікорскага, ён рыхтуецца да «мужчынскай размовы з МЗС Беларусі».

Навіны па тэме