На “круглы стол” у Слоніме запрошаны грамадскія актывісты

12 красавіка 2017 14:15  |  Палітыка

На “круглы стол” у Слоніме запрошаны грамадскія актывісты

 

Кіраўнік
Слонімскага грамадскага цэнтра і сябра Беларускага Нацыянальнага Камітэта
Віктар Марчык атрымаў запрашэнне ад намесніка старшыні Слонімскага райвыканкама
Уладыслава Гяршгорына на “круглы стол”, які адбудзецца ў Слоніме 19 красавіка ў
памяшканні райвыканкама.

На “круглы стол”
запрошаны таксама яшчэ некалькі сяброў Слонімскага згуртавання дэмакратычных
сіл. У запрашанні паведамляецца, што “згодна рашэнню райвыканкама запланавана
правесці “круглы стол” па пытаннях сацыяльна-эканамічнага развіцця Слонімскага
раёна і сітуацыі на рынку працы з удзелам асобных кіраўнікоў арганізацый,
прадстаўнікоў малога і сярэдняга бізнесу, індывідуальных прадпрымальнікаў,
грамадскіх арганізацый і іншых”.

Нагадаем, што
некалькі дзён таму сябры Слонімскага згуртавання дэмакратычных сіл звярнуліся з
адкрытым лістом да старшыні Слонімскага райвыканкама Алега Таргонскага сесці за
“круглы стол”, каб разам абмеркаваць сур’ёзныя праблемы, якія ўзніклі сёння ў
грамадстве. “Мы ўстрывожаны рэзкім пагаршэннем сацыяльна-эканамічнай і
грамадска-палітычнай сітуацыяй у Слонімскім раёне і ў цэлым у Беларусі. З
кожным днём у грамадстве расце колькасць незадаволеных людзей той працай, якую
праводзіць улада ўсіх узроўняў. Людзі жадаюць пазітыўных пераменаў, жадаюць
быць упэўненымі ў заўтрашнім дні”, – паведамлялася ў адкрытым лісце.

Далей слонімцы
прапануюць за “круглы стол” пасадзіць не толькі сяброў Слонімскага згуртавання
дэмакратычных сіл і кіраўніцтва Слонімскага райвыканкаама, а таксама
прадстаўнікоў іншых структурных падраздзяленняў: міліцыю, адукацыю, гандаль,
ЖКГ, дэпутатаў і г.д.

Адкрыты ліст
старшыні Слонімскага райвыканкама падпісалі кіраўнікі грамадскіх арганізацый і
партыйныя лідары Слонімшчыны. Сярод якіх – Іван Бедка (БХД), Віктар Марчык
(Слонімскі грамадскі цэнтр), Міхась Сашко (прафсаюз РЭП), Павел Севасцьян
(БНФ), Алег Вяселік (ГА БНФ “Адраджэнне”) і іншыя.

Беларускае
Радыё Рацыя

Болей навін