Святар, які аднавіў выданне пецярбургскай “Krynicy”

14 красавіка 2017 08:34  |  Грамадства

Святар, які аднавіў выданне пецярбургскай "Krynicy"

 

Сяргей
Сурыновіч — беларускі рыма-каталіцкі святар, паэт, даследчык і перакладчык Бібліі,
хрысціянскі блогер, у 1999-2000 гадах
выдавец газеты «Krynica».

 

З
шляхецкага роду Сурыновічаў, які ўзгадваецца ў дакументах з XIV стагоддзя. Нарадзіўся 13 красавіка
1976 у вёсцы Лугамавічы Іўеўскага раёну ў сям’і настаўнікаў. У 1993 годзе
скончыў Іўеўскую сярэднюю школу. Вучыўся ў музычнай школе па класе баяна. З
1993 году вучыўся ў Гарадзенскай духоўнай семінарыі, з 1997-га – у
Пецярбургскай духоўнай семінарыі, якую скончыў у 2000 годзе. Абараніў працу па
багаслоўі ў Латэранскім унівэрсітэце ў Рыме.

У
1999-2000 гадах рэдагаваў газету «Krynica» Таварыства беларусаў
Санкт-Пецярбурга, якая выходзіла лацінкай і кірыліцай, была пераемніцай
аднайменнай хрысціянска-дэмакратычнай газеты, першы нумар якой выйшаў у 1917
годзе ў Петраградзе. У склад рэдакцыі газеты ўваходзілі Яраслаў Крывой і Тарэса
Шырма. У Беларусі газету сярод чытачоў распаўсюджвала беларуская паэтка Данута
Бічэль.

Высвечаны
ў святары 11 лістапада 2001 года ў Санкт-Пецярбургу. Служыў у Расеі: на Каўказе,
у Пярмі, Калінінградзе, Савецку.

Пасля
вяртання ў Беларусь служыў адміністратарам парафіі Святога Духа ў Віцебску (да
2008 года), дзе апякаваўся
студэнцкімі суполкамі Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага універсітэта і
Віцебскага дзяржаўнага універсітэта імя Пятра Машэрава, парафіі Божага
Провіду ў Слабодцы Браслаўскага раёну (да 2012 года), затым – парафіі
Найсвяцейшай Тройцы ў Друі. Ініцыятар шэрагу дабрачынных акцый, біблійных
летнікаў, выступаў музыкаў і музычных калектываў у парафіях, якія ўзначальваў. Мецэнат
і арганізатар Друйскага мастацкага пленэру. У Слабодцы з 2008 года займаўся
рэканструкцыяй касцёла, у 2009 годзе перад касцёлам быў усталяваны помнік
святой Еўфрасінні Полацкай.

У 2011
годзе як каталіцкі блогер быў запрошаны Папскай радай
па сродках масавай камунікацыі на сустрэчу ў Ватыкан, у якой узялі ўдзел 150
прадстаўнікоў розных краін свету.

Ад 2008
году Сяргей Сурыновіч пачаў працу па алічбоўванні ўсіх вядомых беларускіх
перакладаў Бібліі ХХ-ХХІ стагоддзяў. Даследуе гісторыю і спецыфіку перакладаў
Бібліі на беларускую мову. З 2014 года распачаў пераклад старажытнагрэцкай
Септуагінты на беларускую мову і дактарантуру з галіны біблеістыкі. Удзельнік
секцыі Міжнароднага Кангрэсу даследчыкаў Беларусі ў Коўне (Літва), многіх міжнародных
навуковых канферэнцый па біблеістыцы.

Як
літаратар пад псеўданімам Яўген Бартніцкі дэбютаваў вершаванай містэрыяй для
дзяцей «Батлейка» («Дыялог», 1998). Аўтар зборнікаў паэзіі «Летуценьнік»
(1999), «Пакліканьне» (2000). Вершы друкаваліся ў часопісах «Дыялог»,
«Беларусь», у газетах «Наша слова», «Голас Радзімы», «Царква».

Вядомы
таксама дзякуючы сваім перакладам з лацінскай, габрэйскай, грэцкай, польскай, славацкай,
украінскай моваў.

Займаецца жывапісам,
калекцыянуе мастацкія творы сучаснага беларускага жывапісу.

Максім Гацак

Болей навін