Поспех Канстытуцыйна-Каталіцкай Партыі Літвы і Беларусі на выбарах у Першую Дзяржаўную Думу 1906 года

17 красавіка 2017 10:11  |  Палітыка

Поспех Канстытуцыйна-Каталіцкай Партыі Літвы і Беларусі на выбарах у Першую Дзяржаўную Думу 1906 года

 

У выніку ў
пачатку 1906 года у Першую Дзяржаўную Думу было выбрана 17 дэпутатаў – чальцоў
і прыхільнікаў ККПЛБ. Найбольш выбітнымі сярод іх былі ідэолаг партыі, аўтар
“Нацыянальнага катэхізму”, кароль вузкакалейкі, які займаўся будаўніцтвам
чыгункі ў краі, Баляслаў Ялавецкі, “народны ксёндз”, які адстоўваў у Пружанскім
павеце інтарэсы сялянаў, Антоній Сангайла, дырэктар Віленскага зямельнага банку
Юзаф Монтвіл, старшыня Віцебскага таварыства сельскай гаспадаркі Станіслаў
Лапацінскі. Большасць з іх вызнавала сябе палякамі, некаторыя – літоўцамі.

Расейскія ўлады
былі агаломшаныя поспехам краёвай каталіцкай партыі – і ўжо ў пачатку сакавіка
1906 года загадам віленскага генерал-губернатара Канстанціна Кршывіцкага
(пасля запіскі міністра унутраных справаў Расейскай імперыі Дурнаво) сходы
ККПЛБ былі забароненыя. Партыя абвясціла пра спыненне сваёй працы – бо не
бачыла магчымасці дзейнічаць нелегальна. Самога біскупа Ропа ў 1907 годзе
выслалі з Вільні.

Сабраная Першая
Дума мела пераважна ліберальны характар, рэй у ёй вяла партыя кадэтаў, і іх
сутыкненне з напалоханай самадзяржаўнай машынай скончылася роспускам. Дэпутаты
ККПЛБ паспелі ўсяго некалькі разоў выступіць на пленарных паседжаннях (найперш
па аграрным пытанні). Але поспех дэмакратычнай партыі, заснаванай на
хрысціянскіх прынцыпах, быў відавочны.

Царская рэакцыя,
разгон наступнай Думы, карныя меры супраць апазіцыі і рэформы Сталыпіна
падарвалі пазіцыі кадэтаў ды левых. Першая спроба стварыць на тэрыторыі былога
Вялікага княства Літоўскага дэмакратычную партыю на рэлігійных асновах
засталася адно яркай успышкай.

З кнігі
“Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя”

#100гадоўБХД

Болей навін