Праграма БХД. Трохбаковае партнёрства

18 красавіка 2017 07:56  |  Палітыка

 

Праграма БХД. Трохбаковае партнёрства

 

3.2.6. Мы бачым неабходнасць фармавання мадэлі трохбаковага партнёрства паміж грамадзянскай супольнасцю, дзяржавай і бізнэсам дзеля ўстойлівага развіцця і вырашэння грамадскіх праблем. Прычым такое партнёрства не азначае, што грамадзянская супольнасць стане правадніком дзяржаўнай палітыкі, палітычных інтарэсаў ці інтарэсаў бізнэса. Грамадзянская супольнасць у дачыненнях з дзяржавай і бізнэсам будзе раўнапраўным партнёрам. Наша бачанне такога партнёрства грунтуецца на ўяўленні пра няздатнасць дзяржавы вырашаць усе грамадскія праблемы самастойна і абмежаванасць рынкавых адносін для сацыяльнай сферы грамадства. З гэтага вынікае зацікаўленасць абмежаванай дзяржавы і сацыяльна адказнага бізнэсу ў сумеснай працы з грамадзянскай супольнасцю дзеля агульнага дабра.

3.2.7. У дзяржаўнай палітыцы ў розных галінах, у тым ліку ў сацыяльнай і моладзевай палітыцы, урад будзе фармуляваць асноўныя кірункі, мэты і прыярытэты палітыкі, але ў яе рэалізацыі значная роля належыць паветам, мясцоваму самакіраванню, а таксама грамадскім арганізацыям. Частка сродкаў будзе размяркоўвацца ў паветах і на месцах сярод грамадскіх арганізацыяў, якія працуюць у сацыяльным сектары.

3.2.8. БХД выступае за свабоднае ўтварэнне грамадскіх арганізацыяў і іх рэгістрацыю заяўным прынцыпам. Кантролем над дзейнасцю грамадскіх арганізацыяў займаецца Міністэрства юстыцыі. Грамадская арганізацыя можа быць ліквідавана толькі па рашэнні суда ў выпадку грубага і сістэматычнага парушэння заканадаўства.

3.2.9. БХД лічыць неабходным спрыяць дзяржаўнай падтрымцы тых грамадскіх арганізацый, якія аказваюць дапамогу дзецям-сіротам, пацярпелым, непаўнаспраўным, выхоўваць падлеткаў і моладзь на грунце хрысціянскай маралі, патрыятызму: хоспісам, дабрачынным установам, асветніцкім і рэабілітацыйным цэнтрам, арганізацыям, таварыствам ананімных алкаголікаў, ахвярам палітычных рэпрэсій і г.д.

З праграмы БХД “Народная партыя з хрысціянскім сэрцам”, прынятай 13 чэрвеня 2015 года


#100гадоўБХД

Болей навін