Павел Севярынец: у Менгарвыканкама ёсць час да пятніцы

18.04.2017, 14:37  |  Галоўныя навіны, Палітыка

Павел Севярынец: у Менгарвыканкама ёсць час да пятніцы

 

Заяўнікі традыцыйнага "Чарнобыльскага шляху", запланаванага на 26 красавіка, будуць патрабаваць ад Менгарвыканкама змяніць час правядзення акцыі.

Як паведаміў на прэс-канферэнцыі 18 красавіка сустаршыня па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Павел Севярынец, заўтра яны маюць намер наведаць Менгарвыканкам, каб запатрабаваць перанесці акцыю з 14:00 (час, прапанаваны гарвыканкамам) на 18:00, як першапачаткова планавалі арганізатары.

Заяўнікі прасілі дазволіць збор удзельнікаў акцыі каля тэатра оперы і балета і наступнае шэсце па вуліцы Максіма Багдановіча да чарнобыльскай капліцы, размешчанай у раёне плошчы Бангалор. Аднак Мінгарвыканкам змяніў фармат акцыі, дазволіўшы збор удзельнікаў на пляцоўцы каля Акадэміі навук і шэсце да плошчы Бангалор. Пры гэтым быў зменены час правядзення мерапрыемства з заяўленых 18:00 на 14:00.

На пасяджэнні аргкамітэта 18 красавіка было вырашана не настойваць на заяўленым маршруце акцыі, але патрабаваць змены часу яе правядзення.

«У Мінгарвыканкама ёсць час да пятніцы, каб дазволіць правядзенне акцыі ў 18:00. Праводзіць акцыю а 14:00 мы не будзем. 26 красавіка - гэта рабочы дзень, прызначаць акцыю на такі час з'яўляецца простым здзекам, яе фактычным яе забаронай», - заявіў Павел Севярынец.

Калі ж гарадскія ўлады не зменяць свайго рашэння, аргкамітэт будзе заклікаць прыйсці на санкцыянаваны гарвыканкамам мітынг з нагоды гадавіны аварыі на ЧАЭС, які арганізуе 26 красавіка ў Кіеўскім скверы Кансерватыўна-хрысціянская партыя - БНФ. Час яго правядзення - з 18:00 да 20:00 гадзін.

Заяўнікамі «Чарнобыльскага шляху» ў гэтым годзе з'яўляюцца намеснікі старшыні Партыі БНФ Ігар Лялькоў, Беларускай партыі "Зялёныя" Дзмітрый Кучук, руху «За Свабоду» Юрась Меляшкевіч, а таксама прадстаўнікі БХД Аляксандр Кавалькоў і кампаніі «Гавары праўду» Віталь Лакотка.

У аргкамітэт па правядзенні акцыі ўваходзяць прадстаўнікі Партыі БНФ і яе моладзевай структуры «Моладзь БНФ», Аб'яднанай грамадзянскай партыі, Беларускай партыі "Зялёныя", аргкамітэта па стварэнні партыі «БХД», кампаніі «Гавары праўду», а таксама рухаў «За Свабоду» і «Разам».

Naviny.by

Навіны па тэме