Павел Севярынец: бел-чырвона-белыя колеры – колеры трыумфу хрысціянства (відэа)

20.04.2017, 09:35  |  Галоўныя навіны, Палітыка

Павел Севярынец: бел-чырвона-белыя колеры – колеры трыумфу хрысціянства (відэа)

 

У сваім новым, велікодным, відэазвароце сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Павел Севярынец разважае над тым, чаму менавіта бел-чырвона-белы сцяг з’яўляецца нацыянальным сцягам беларусаў і якое дачыненне ён мае да хрысціянства.

 


Хрыстос Уваскрос! Сапраўды Уваскрос!

Добры дзень, дарагія сябры!

Мяне завуць Павел Севярынец. Я прадстаўляю "Беларускую Хрысціянскую Дэмакратыю”. І сёння мы з вамі пагаворым пра адзін з самых яркіх сімвалаў Уваскрасення наша Госпада і Збаўцы Ісуса Хрыста – пра бел-чырвона-белы сцяг.

Камусьці дзіўна чуць, што беларускі нацыянальны бел-чырвона-белы сцяг гэта і ёсць сімвал Уваскрасення. Але вось ужо дзве тысячы гадоў менавіта спалучэнне белага, чырвонага і белага азначае перамогу Ісуса Хрыста над смерцю. У Палестыне дзве тысячы гадоў таму быў звычай хаваць нябожчыкаў загарнуўшы іх у льняную палатніну і калі цела ўкрыжаванага Ісуса, скрываўленае пасля бічавання, пасля пакутаў было, загорнутае ў белую палатніну, дык пасля Уваскрасення менавіта яна – бель з паласою крыві – стала сімвалам перамогі над смерцю. Менавіта гэтая Турынская плашчаніца ёсць навукова даказаным сведчаннем Уваскрасення Ісуса Хрыста. Многія каталікі бачылі копіі гэтай плашчаніцы, якія падарожнічаюць па храмах, а многія праваслаўныя звяртаюць увагу на бел-чырвона-белую паласу на рызах іерархаў. Многія вернікі рускай праваслаўнай царквы знаёмыя з гербам РПЦ, на якім бел-чырвона-белая стужка на відным месцы. Ну і, канечне ж, пілігрымы ведаюць белы сцяг з чырвоным крыжам, якія таксама азначае перамогу Хрыста над смерцю. На многіх хрысціянскіх паштоўках белы сцяг, альбо белы сцяг з чырвоным крыжом як раз і сімвалізуе і Хрыста, і хрысціянства.

Больш таго за некалькі стагоддзяў, якія азначалі трыумф у хрысціянстве і распаўсюд яго па тагачасным свеце, менавіта асноватворны белы сцяг з чырвоным крыжам стаў своеасаблівым знакам хрысціянства. На ускраінах хрысціянскага свету гэты сцяг паказваў – тут пачынаецца свет тых, хто верыць у Ісуса Хрыста, як свайго Збаўцу.

Такім чынам, ангельскі нацыянальны сцяг гэта белы з чырвоным крыжам, накладзены на яго шатландскі і ірландскі сцягі даюць "Юніан джэк”. Мы ведаем пра грузінскі сцяг таксама белы з чырвонымі крыжамі. Мы ведаем сцягі Даніі, Швецыі, Ісландыі, Швейцарыі, Нарвегіі, якія з’яўляюцца рознымі колеравымі камбінацыямі таго ж самага асноватворнага сцягу Хрыста. Ну і, канечне, самы просты сцяг Хрыста, самы просты сімвал – бел-чырвона-белая палатніна, якая дасталася нам, беларусам, як нацыянальны сімвал.

Яшчэ некалькі стагоддзяў таму ў бітвах: бітве пад Грунвальдам, бітве пад Оршай, мы бачым гэтыя белыя сцягі з чырвоным крыжам, мы бачым бел-чырвона-белыя какарды ў беларускага гусарскага палка, створанага пры Аляксандры І і такія самыя бел-чырвона-белыя колеры ў ліцвінскіх палкоў, якія змагаліся на баку Напалеона. Іншымі словамі, вось ужо некалькі стагоддзяў Вялікае княства літоўскае, а пасля і Беларусь скразяць, праменяць вось гэтым самым – бел-чырвона-белым сцягам.

У 1917 годзе Клаўдзій Душ-Душэўскі прапанаваў бел-чырвона-белы сцяг, як нацыянальны сімвал для беларусаў усяго свету, і з тых пор гэты сцяг стаў афіцыйным сімвалам беларускага нацыянальнага руху.

Бел-чырвона-белыя сцягі лунаюць зараз на дэманстрацыях, на святах, якія праводзіць беларускі рух, пад бел-чырвона-белымі сцягамі адзначае святы беларуская эміграцыя і шмат у якіх прыходах за межамі Беларусі і ўнутры Беларусі вось гэты сцяг Уваскрасення, у тым ці іншым выглядзе, свеціць, зьзяе і сцвярджае перамогу Хрыста над сіламі зла. Таму, дарагія сябры, не будзем думаць быццам гэта знак палітыка, быццам гэта знак нацыянальнага супраціву. Гэты сцяг, гэты знак значна глыбейшы – гэта знак перамогі дабра над злом, гэта знак хрысціянскай веры, гэта знак святла.

Калі хтосьці скажа вам, што ў час вайны гэты сцяг выкарыстоўвалі калабаранты, дык давайце задумаемся – няўжо крыжы на брані нямецкіх танкаў перакрэслілі альбо зганьбілі крыж Іісуса Хрыста.

Дарагія сябры, будзем уздымаць гэты сцяг як знак Уваскрасення.

Хрыстос Уваскрос! Сапраўды Уваскрос!

Навіны па тэме