Міністэрства аховы здароўя: прапановы БХД па барацьбе з алкагалізацыяй запланаваны да рэалізацыі

20.04.2017, 15:18  |  Галоўныя навіны, Палітыка

Міністэрства аховы здароўя: прапановы БХД па барацьбе з алкагалізацыяй запланаваны да рэалізацыі

 

Старшыня Хрысціянска-дэмакратычнага руху, кіраўнік Менскай гарадской арганізацыі Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Вольга Кавалькова атрымала адказ на калектыўны зварот грамадзян, перададзены міністру аховы здароўя Беларусі Валерыю Малашку.

«Вашы прапановы, выкладзеныя ў звароце па аздараўленні беларускай нацыі, памяншэнні алкагалізму сярод моладзі і дарослага насельніцтва, запланаваныя да рэалізацыі ў рамках выканання мерапрыемстваў падпраграмы 3», - гаворыцца ў адказе за подпісам кіраўніка Міністэрства аховы здароўя.

Сярод прапаноў БХД, якія запланаваны да рэалізацыі ў 2017-2018 гадах у рамках выканання мерапрыемстваў падпраграмы 3:

1. Усталяванне адзінага часу рэалізацыі алкагольнай прадукцыі ў аб'ектах гандлю, за выключэннем месцаў грамадскага харчавання, якія ажыццяўляюць продаж алкагольнай прадукцыі сумесна з гатовай кулінарнай прадукцыяй (з 9.00 да 22.00);

2. Ініцыяванне поўнай забароны рэкламы слабаалкагольных напояў і піва ў сродках масавай інфармацыі, на радыё і тэлебачанні;

3. Ініцыяванне заканадаўчага замацавання забароны рознічнага гандлю алкагольнымі напоямі па-за ізаляваных аддзелаў у крамах плошчай ад 1500 кв. метраў.

Прапановы аб абавязку вытворцаў алкагольнай прадукцыі пералічваць частку прыбытку ад рэалізацыі алкагольнай прадукцыі цэнтрам, якія займаюцца дапамогай і рэабілітацыяй людзей з алкагольнай залежнасцю, а таксама за кошт падаткаў ад рэалізацыі алкагольнай прадукцыі ствараць сацыяльную рэкламу плануецца разгледзець пры распрацоўцы эканамічнага абгрунтавання напрамкаў і інструментаў нарматыўнага прававога рэгулявання абароту алкагольнай прадукцыі ў Беларусі, у адпаведнасці з пунктам 51 падпраграмы 3, паведамілі ў міністэрстве.

Нагадаем, што хрысціянскія дэмакраты праводзяць кампанію "Абаронім нашых дзяцей ад алкаголю з 2014 года".

«Мы працягнем і далей працаваць над гэтай кампаніяй, бо лічым яе вельмі важнай. Мы таксама лічым, што дзяржаўная палітыка ў галіне рэалізацыі алкаголю павінна быць больш жорсткай, бо гэта вельмі балючае пытанне для беларускага грамадства, а рэальная статыстыка спажывання алкаголю значна вышэй за афіцыйную», - падкрэсліла Вольга Кавалькова.

Навіны па тэме