Аргкамітэт «Чарнобыльскага шляху» падаў у суд на Менгарвыканкам за змяненне часу і месца акцыі

21 красавіка 2017 17:09  |  Галоўныя навіны

 

Аргкамітэт па
правядзенні 26 красавіка традыцыйнай акцыі «Чарнобыльскі шлях” 21
красавіка падаў у суд Маскоўскага раёна Менска скаргу на дзеянні Менгарвыканкама,
які змяніў час і месца правядзення мерапрыемства, піша БелаПАН.

Як паведаміў
агенцтву адказны сакратар аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская
хрысціянская дэмакратыя» Дзяніс Садоўскі, скарга была складзена пры падтрымцы
праваабарончага цэнтра “Вясна” (пазбаўлены афіцыйнай рэгістрацыі) і
падпісана пяццю заяўнікамі акцыі: намеснікамі старшыні Партыі БНФ Ігарам
Ляльковым, Беларускай партыі “Зялёныя” Дзмітрыем Кучуком, руху «За
Свабоду» Юрыем Меляшкевічам, а таксама прадстаўнікамі аргкамітэта па стварэнні
БХД Аляксандрам Кавальковым і кампаніі «Гавары праўду» Віталём Лакоткам.

Заяўнікі прасілі
дазволіць збор удзельнікаў акцыі каля тэатра оперы і балета і наступнае шэсце
па вуліцы Максіма Багдановіча да Чарнобыльскай капліцы ў раёне плошчы Бангалор.
Аднак Менгарвыканкам змяніў фармат акцыі, дазволіўшы збор удзельнікаў на
пляцоўцы каля прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук і шэсце да плошчы
Бангалор. Пры гэтым быў зменены час пачатку мерапрыемства з заяўленых 18:00 на
14:00.

«Мы катэгарычна
не згодныя з рашэннем Менгарвыканкама, таму вырашылі абскардзіць яго ў судзе.
Змяніць месца і час акцыі ўлады маглі толькі па ўзгадненні з заяўнікамі», –
адзначыў Садоўскі.

У скарзе
ўказваецца на адсутнасць падставы для адмовы ў правядзенні масавага
мерапрыемства ў адпаведнасці з заяўкай. Акрамя таго, у ёй гаворыцца, што права
на мірныя сходы і свабоду выказвання меркавання можа быць абмежавана толькі пры
захаванні строгіх умоў сапраўднай неабходнасці гэтых абмежаванняў і толькі ў
мэтах дзяржаўнай бяспекі, грамадскага парадку, здароўя і маральнасці
насельніцтва, правоў і свабодаў іншых асобаў.

19 красавіка
заяўнікі «Чарнобыльскага шляху» перадалі ў Мінгарвыканкам патрабаванне змяніць
час правядзення акцыі з 14:00 (прапанаваны менскімі ўладамі) на 18:00, як
першапачаткова планавалі арганізатары. Пры гэтым яны выкліканы сёння ў выканкам
на 17-й гадзіне.

Болей навін