Таццяна Севярынец: Веры і мары здраджваць нельга!

04 мая 2017 17:51  |  Палітыка

 

Лідара віцебскіх
хрысціянскіх дэмакратаў Таццяну Севярынец, мабыць, ведаюць не толькі ў абласным
цэнтры, але і ў Беларусі як смелага, жыццярадаснага і мэтанакіраванага
чалавека.

– Таццяна Яўгенаўна,
вы не першы год хадзіце на вулічныя акцыі. Чым адрозніваюцца антыдармаедскія
пратэсты гэтага года ад ранейшых падобных мерапрыемстваў?

– Першае – гэта тое, што сакавіцкія акцыі праходзяць не
толькі ў сталіцы, але і ў многіх рэгіёнах, чаго не назіралася ўжо больш за
дваццаць гадоў. Другое галоўнае адрозненне – самаарганізаванасць людзей, як,
напрыклад, у Віцебску. Людзям ужо не патрэбныя палітычныя лідары: яны самі дамаўляліся,
што і як рабіць – на нейкіх сустрэчах, у сацыяльных сетках, на вуліцах. У сакавіку
мы назіралі абсалютна новую з’явц – нараджэнне новых лідараў, якія выйшлі з
самага народа. Вось у нас адна жанчына доўга выступала, потым задала пытанне:
“А дзе наша апазіцыя ?!» У выніку сама стала адным з лідараў «антыдармаедскага»
пратэсту.

– Дарэчы, пра жанчын.
На Віцебшчыне неяк больш у лідарах значацца не мужчыны. Узяць хоць бы вас,
Вольгу Карач, Валянціну Болбат. Гэтая такая тэндэнцыя?

– На жаль так. Мужчыны гатовыя хутчэй выйсці і падтрымаць
нас, жанчын, чым самім узяць на сябе адказнасць. На жанчыне ляжыць больш
адказнасці: за сябе, за сям’ю, за дзяцей і ўнукаў. Яны думаюць наперад – як
будзем жыць далей? Таму і бяруць на сябе стырно кіравання.

– Акцыі на Дзень Волі
ўлады чамусьці санкцыянавалі толькі ў Брэсце і Гродне. У Віцебску жа заяўнікі
атрымалі адмову. Якую логіку тут можна прасачыць?

– Улада і логіка – наогул паняцці несумяшчальныя. Чыноўнікі
ніяк не могуць зразумець, што галоўны «арганізатар» цяперашніх пратэстаў не
апазіцыя, не «пятая коллона», не просты народ, а … Лукашэнка і яго асяроддзе.
Узяць хаця б суд у Віцебску 27 сакавіка, калі судзілі ўдзельнікаў маршу.
Міліцыя выганяла з памяшкання тых, хто прыйшоў падтрымаць затрыманых, а адзін
міліцэйскі начальнік нават прыгразіў АМАПам, палічыўшы іх прысутнасць
несанкцыянаванай акцыяй. Гэта паддаецца нейкі логіцы? Наогул, віцебскія ўлады
на маёй памяці ні разу не давалі дазволу на правядзенне хоць нейкага
палітычнага мерапрыемства за апошнія гадоў дзесяць.

– Калі адысці ад
пратэстаў, якія лакальныя ініцыятывы вы праводзілі ў апошні час?

– Рашэннем мясцовых праблем мы займаемся ўшчыльную з 2010
года, прычым невялікімі сіламі. Праблем шмат, імі ніхто не займаўся. Мы
вырашылі ўзяць ініцыятыву ў свае рукі. За гэтыя гады зроблена вельмі шмат!
Дарэчы, не толькі ў Віцебску, але і ў многіх гарадах рэгіёну. З нядаўняга –
кампанія «За якасную медыцыну для ўсіх!». Вырашана шмат праблем: праз збор
подпісаў пад калектыўнымі зваротамі – іх больш за 10 000, праз паходы па
кабінетах мясцовых і больш высокіх начальнікаў, праз звароты ў міністэрствы.
Напрыклад, у мікрараёне Поўдзень-7 Віцебска ніяк не маглі доўгія гады
дабудаваць паліклініку. Менавіта дзякуючы нашым зваротам будаўніцтва аднаўлялі
тры разы і ўжо ў наступным годзе абяцаюць здаць. Мы дабіваліся будаўніцтва паліклінічнага
комплексу ў новым мікрараёне Білева. У выніку адкрыта амбулаторыя, пры гэтым
увесь час трымаем ўсе аб’екты на кантролі. Або вось яшчэ прыклад. Доўгі час у
Віцебску ў жаласным стане знаходзіліся прыступкі да помніка Уладзіміра
Караткевіча. Мы самі былі гатовыя адрамантаваць, патрабавалася толькі атрымаць
дазвол. А гаспадара-то ля помніка не аказалася! У выніку пасля звароту
гарвыканкам хутка знайшоў арганізацыю, за якой замацавалі помнік, і лесвіцу
прывялі ў парадак за некалькі дзён.

– У 2007 годзе вас
звольнілі са школы з-за “палітыкі”. Не сумуеце па калегах і вучнях?

– Па працы, вядома, сумую. З калегамі доўгі час не мела
зносін. А вучні самі мяне знаходзяць, пры гэтым некаторыя з іх зараз мае
аднапартыйцы па БХД.

– Наогул, цяжка быць
маці вядомага палітыка?

– А ці магу я быць слабой мамай для свайго сына? Ганаруся сваімі
дзецьмі і раўняюся на іх. Кожны дасягнуў вялікіх поспехаў на сваім ніве. А
паколькі я яшчэ і аднапартыец Паўла па Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, то
павінна адпавядаць яму ва ўсім!

– А за што баіцеся і
чаго б не пажадалі сваім дзецям?

– Як і любая мама, хачу, каб дзеці не хварэлі, каб жылі ў
свабоднай, незалежнай, годнай Беларусі. Ну, а Павел… Вельмі адчуваю, калі ён
трапляе ў няволю. Больш чым за дваццаць гадоў яго здароўе падарвана «суткамі» і
турмамі. Але, нягледзячы на ​​гэта, ніколі не скажу: едзь, не хадзі, сядзі дома…
У мяне сэрца будзе разрывацца, але я не змагу здрадзіць яго марам і веры, і ён
гэта цудоўна ведае. А я заўсёды побач.

Віталь
Бабін, Свободные новости

Болей навін