Подпіс пад зваротам - тэст на грамадскую сталасць

15.05.2017, 09:04  |  Блог Таццяны Севярынец, Грамадства

Подпіс пад зваротам - тэст на грамадскую сталасць

 

У сябраў аргкамітэта БХД Віцебска велічэзны станоўчы досвед па зборы подпісаў за вырашэнне розных гарадскіх праблем. Збіраюцца яны па-рознаму: па кватэрах, падчас якога народнага сходу, на вуліцы сярод мінакоў. Апошні - самы цікавы. Адразу бачна, што за чалавек перад табой. Вось і зараз, калі мы распачалі новую кампанію ў межах ініцыятывы "Віцебск - горад наш” па вырашэнні праблемы паркоўкі каля Віцебскага абласнога кардыялагічнага Цэнтра на праспекце Люднікава, сустрэліся нам самыя розныя людзі. Кожнаму тлумачыцца, чаму ты да яго "прыстаеш”, паказваеш тэкст звароту, просіш падтрымаць.

- Так, канешне, паркоўка тут вельмі патрэбна, давайце падпішу!

- Дзякуй вам вялікі! Люда, і ты падпісвай!

- А-а, гэта вы, пэўна з БХД? Ну, вам падпішу, добрыя справы робіце!

- Не-не, я спяшаюся!

- Ну, я не ведаю, я тут выпадкова, паблізу не жыву…

- ….- гэтыя моўчкі, нахіліўшы галовы, хаваючы вочы, паспяшаючы хаду, абмінаюць нас як якую перашкоду.

А ведаеце, так ужо ўсё абрыдла, ужо так дастала, што гатоў якую дубіну ўзяць ды гнаць нашае чынавенства з гораду! – і пачынае чалавек доўга сварыцца і жаліцца на жыццё. Бывае, подпіс паставіць, а бывае, выкажацца, махне рукой "нічога не дапаможа!” і пойдзе далей, знерваваны, расчараваны, пакрыўджаны на ўсё і ўсіх.

- Давайце падпішу, а яшчэ добра б было, каб вы….

Звярніцеся да галоўурача. Я тут працую, дык што, я буду нешта вам падпісваць супраць яго, каб ён мой подпіс убачыў, а потым звольніў? (у шапцы звароту першы адрасат-галоўурач Цэнтру)

Зразумела, кожны з іх мае права падпісаць ці не. Мы не настойваем. Але ўжо бачна, хто ёсць хто. Па кватэрах падпісваюцца больш ахвотна, амаль ніхто не адмаўляецца, бо сведкі - толькі сцены ўласнага дому. А вось на вуліцы…

Дзякуем усім, хто падпісваецца. З кімсьці і паразмаўляем, калі жадаюць. Хтосьці просіць падпісны аркуш і прапануе дапамогу - гэта самае каштоўнае! У кагосьці хата з краю, і ты ведаеш: пройдзе міма чужой праблемы, нават міма сваёй, неяк прыстасуецца, зарыецца глыбей у багну бязрадаснага прыгнечанага жыцця. Ды толькі ўцяміць, што ўсё залежыць ад нас: у якіх умовах жывем, хто камандуе, калі адбудуцца перамены, чым дыхаем і якую ваду п’ем, як лякуемся, што пакінем нашчадкам, чым і кім ёсць самі.

Таццяна Севярынец

 
Подпіс пад зваротам - тэст на грамадскую сталасць
Подпіс пад зваротам - тэст на грамадскую сталасць
Подпіс пад зваротам - тэст на грамадскую сталасць
Подпіс пад зваротам - тэст на грамадскую сталасць

Навіны па тэме