Менгарвыканкам праігнараваў пытанне пра “спрыяльны прагноз надвор’я” напярэдадні снегападу

17 мая 2017 14:02  |  Грамадства

Менгарвыканкам праігнараваў пытанне пра “спрыяльны прагноз надвор’я” напярэдадні снегападу

 

Менгарвыканкам пакінуў без адказу пытанні прэс-сакратара
Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Максіма Гацака наконт быццам бы “спрыяльнага
прагнозу надвор’я”, пра які 5траўня заяўляў начальнік аддзела энергетыкі
кіравання гарадской гаспадаркі і энергетыкі Менгарвыканкама Дзмітрыя Плашкова,
тлумачачы тым самым адключэнне з 5 траўня ацяплення ў дамах Менску.

Разам з тым ужо 5 траўня было вядома пра тое, што з 8-га ў
горадзе пахаладае і выпадзе снег, што і адбылося. У сувязі з гэтым Менгарвыканкам прасілі патлумачыць: ці з’яўляюцца снег і тэмпературы,
блізкія да 0 градусаў, “спрыяльным прагнозам надвор’я”? Які прагноз улічваў Менгарвыканкам пры
прыняцці рашэння аб адключэнні ацяплення ў жылых дамах? Чаму не быў улічаны прагноз Белгідрамету
пра рэзкае пагаршэнне надвор’я і снег з 8 траўня?

Аднак на ніводнае
з гэтых пытанняў не было атрымана адказу. Замест гэтага намеснік старшыні Менгарвыканкаму
Віктар Лапцеў заявіў, што з 3 да 5 траўня сярэднесутачная тэмпература вонкавага
паветра ў Менску была +8°С і больш. У сувязі з гэтым Менгарвыканкам і вырашыў
адключыць ацяпленне ў жылых дамах, тады як “уключэнне сістэм ацяплення ў перыяд
кароткачасовага пахаладання не ўяўляецца магчымым”.

“Відавочна, што сёлета
ўлады не разлічвалі на такое працяглае халоднае надвор’е і толькі і чакалі
моманту, каб адключыць ацяпленне. І як толькі трошкі пацяплела, яны адразу ж
яго адключылі, пры гэтым прыдумаўшы нейкі “спрыяльны прагноз надвор’я”, якога не існавала ні ў
прыродзе, ні ў Белгідрамеце. Замест таго, каб скараціць нікому непатрэбныя ідэалагічныя
аддзелы, перастаць фінансаваць БРСМ, “Белую Русь”, прапагандыстаў з дзяржСМІ і
іншых дармаедаў, яны зноў і зноў эканомяць на грамадзянах. Прычым успрымаюць
менчукоў за нейкіх дурняў, якім скажы пра “спрыяльны прагноз”, а яны і павераць”,
– адзначыў Максім Гацак.

Болей навін