Віталь Рымашэўскі: алкагольнае лобі ў Беларусі мацней за здаровы сэнс

18.05.2017, 12:42  |  Галоўныя навіны, Грамадства

Віталь Рымашэўскі: алкагольнае лобі ў Беларусі мацней за здаровы сэнс

 

Сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі пракаментаваў дадзеныя абноўленага рэйтынгу Сусветнай арганізацыі аховы здароўя па спажыванні алкаголю ў свеце, у якім Беларусь заняла другое месца.

"Па дадзеных СААЗ, Беларусь больш не на першым, але на другім месцы па спажыванні алкаголю. Ці азначае гэта, што сітуацыя прынцыпова змянілася? Абсалютна не. Я таксама не перакананы, што СААЗ улічвала імклівы рост спажывання самагону, што звязана перадусім са збядненнем беларускага насельніцтва. Усе, хто знаходзіўся ў ІЧУ Маладзечна, маглі пераканацца, на колькі вялікія маштабы мае гэтая праблема ў Беларусі. У нас у камеры ўвесь час кідалі людзей, затрыманых у нецвярозым стане, якія распавядалі пра шматлікія кропкі па продажу алкаголю, які ў два разы танней, чым у крамах. Па іх сведчаннях, продажам нават апекавалася міліцыя, якая канфіскавала прадукцыю ў адных і перавозіла яе іншым за пэўныя ганарары. Гэтыя сведчанні патрабуюць разбіральніцтва. Не выключаю, што продаж сурагатнага алкаголю праз такія кропкі можа ўжо канкураваць з продажам алкагольных напояў у крамах”, - адзначыў ён.

Пры гэтым сустаршыня БХД не выключае, што на зніжэнне статыстыкі спажывання алкаголю магла аказаць уплыў і высокая смяротнасць сярод хворых на алкагалізм.

"На жаль, дзяржаўная палітыка ў гэтым мала змяняецца. Беларуская хрысціянская дэмакратыя працягвае сваю кампанію "Абаронім нашых дзяцей ад алкаголю”. Нашыя прапановы, падтрыманыя подпісамі тысяч грамадзян Беларусі, даўно ляжаць на сталах ва ўладаў, але іх прыняцце праходзіць вельмі марудна. Радуе, што міністр аховы здароўя на сустрэчы з журналістамі фактычна публічна выказаў падтрымку гэтых прапаноў, кажучы пра неабходнасць абмежавання продажу алкаголю, вынасу яго ў асобныя залі і гэтак далей. Мы цягам некалькіх год настойліва прапануем уладзе ўвесці гэтыя меры ў Беларусі, адначасова з падтрымкай арганізацый, якія дапамагаюць людзям пазбавіцца алкагольнай залежнасці. Але алкагольнае лобі ў краіне дагэтуль аказваецца мацней за здаровы сэнс і за турботу за здароўе беларускай нацыі. Барацьбу трэба працягваць, бо другое месца – гэта ганебная, жахлівая лічба. І ў гэтай сферы трэба прымаць меры, каб беларуская нацыя папросту выжыла”, - дадаў Віталь Рымашэўскі.

Навіны па тэме