Са стагоддзем, Беларуская хрысціянская дэмакратыя!

24 мая 2017 00:00  |  Галоўныя навіны

 

Са стагоддзем, Беларуская хрысціянская дэмакратыя!

 

2017 год ад
нараджэння Хрыстова для беларусаў – наскрозь юбілейны. 500 гадоў Бібліі
Скарыны, 500 гадоў Рэфармацыі, 100-годдзе Лютаўскай і Кастрычніцкай рэвалюцыяў,
шматлікія ўгодкі выбітных гістарычных дзеячаў…

 

Але адзін юбілей стаіць асабняком. Гаворка пра
100-годдзе Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі – партыі, якая ў міжваенны час ХХ
стагоддзя падняла сцяг незалежнасці Беларусі, аплаціла ідэю вольнай краіны на
біблейскіх прынцыпах жыццямі дзясяткаў сваіх чальцоў, і была выкрэслена з
падручнікаў па гісторыі.

24-25 траўня 1917
года трыццаць беларускіх святароў сабраліся на З’езд у Менску і пастанавілі:
Беларусі патрэбны беларускамоўны Касцёл, беларуская школа, беларуская
хрысціянская газета і беларуская хрысціянская партыя.

Гэта была партыя,
якая абапіралася толькі на Бога ды свой народ. БХД не хілілася да Саветаў,
Польшчы, Нямеччыны ці Амерыкі і ва ўмовах нацыянальнага ціску, эканамічнага
крызісу, бандытызму насуперак усім прагнозам расла і пашырала свой уплыў. БХД
адчыняла беларускія школы, друкавала беларускія газеты, праз створаны Інстытут
гаспадаркі і культуры выдавала крэдыты сялянам, закладала прытулкі для сіротаў
ды бедных, мела сваіх паслоў ды сенатараў у Сейме.

Асобы Адама
Станкевіча і Вінцэнта Гадлеўскага, Фабіяна Абрантовіча і Язэпа Германовіча,
Кастуся Стаповіча і Адама Дасюкевіча, Вячаслава Багдановіча і Адольфа
Клімовіча, Паўла Карузы і Браніслава Туронка, Віктара Шутовіча ды іншых хадэкаў
у савецкія часы замоўчваліся, БХД кляймілася як “буржуазная
клерыкальна-нацыяналістычная сіла”, а яе газета, “Крыніца”, супастаўная паводле
ўплыву на беларускае грамадства ў 1920-1930-х гадах з “Нашай Нівай” пачатку
стагоддзя, была асуджаная на спецхраны.

Між тым БХД 1917-1939
гадоў проста аднаўляла ідэю народаўладдзя на аснове хрысціянскіх каштоўнасцяў –
ідэю, якой на працягу тысячы гадоў беларускай гісторыі былі адданыя Ефрасіння
Полацкая, Францішак Скарына, Канстанцін Астрожскі, Леў Сапега, Тадэвуш
Касцюшка, Кастусь Каліноўскі, Францішак Багушэвіч, Зянон Пазьняк…

З мэтай сцерці
пыл белых плямаў з драматычнай і бліскучай гісторыі цэлай пляяды беларускіх
незалежнікаў да 100-годдзя БХД мы публікуем серыю артыкулаў пра хрысціянскую
дэмакратыю і ладзім вялікую чараду акцыяў памяці.

Больш таго:
сучасная Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя, пераймаючы эстафету, праводзіць у
2017-м шэраг канферэнцыяў, прэзентацыяў кнігаў ды законапраектаў, яскравых
імпрэзаў і сацыяльных кампаніяў, а напрыканцы году збярэ ўрачысты з’езд.

Далучайцеся. З
днём народзінаў, БХД!

Жыве Беларусь – з
Богам!

Болей навін