Воваў крыж

25.05.2017, 13:48  |  Блог Максіма Гацака, Палітыка

 

Воваў крыж

 

З Вовам я пазнаёміўся больш за 10 гадоў таму. Нам тады было па 18 гадоў, мы вучыліся на другім курсе – я на факультэце моўнай падрыхтоўкі БДЭУ, ён – на гістарычным факультэце БДУ. У той дзень, 29 кастрычніка 2006 года, мы прыйшлі на шэсце "Дзяды”, арганізаванае Кансерватыўна-хрысціянскай партыяй-БНФ, і разам неслі крыж у Курапаты – месца масавых расстрэлаў камуністамі бязвінных ахвяр. 

Надалей мы зладзілі разам некаторыя культурніцкія мерапрыемствы, абмяркоўвалі сучаснасць і будучыню Беларусі. Неўзабаве я ажаніўся з яго аднакурсніцай, і ён у прамым сэнсе стаў сябрам сям’і.

Затым, калі я скончыў універсітэт, ён паступіў у магістратуру, потым – аспірантуру. Атрымліваў дадатковую адукацыю ва ўніверсітэтах Вільні і Варшавы. Хацеў займацца праўдзівай навукай, але яму было крыўдна за тое, ува што ўлады ператварылі беларускую навуку і ў прыватнасці яе гуманітарную частку, што за навуковыя заробкі ў Беларусі цяжка пражыць, не тое, каб карміць сям’ю. У выніку мусіў сысці ў далёкую ад навукі сферу, але і там здолеў праявіць сябе выдатным супрацоўнікам, меў неблагія перспектывы.

Але ўсё змянілася ў сакавіку 2017 года. На хвалі недармаедскіх пратэстаў беларускія ўлады пачалі фабрыкаваць крымінальную "Справу патрыётаў”, якая ні па духу, ні па форме не адрозніваецца ад справаў часоў сталінскіх рэпрэсій. Як і 80 гадоў таму, па надуманых прычынах у вязніцах зноў сядзіць беларуская інтэлігенцыя, беларуская навука. Яго затрымалі адным з апошніх – 29 сакавіка і абвінавацілі ў падрыхтоўцы масавых беспарадкаў на Дзень Волі 25 сакавіка – дзень, калі ў цэнтры Мінску спецназам было ўчыненае дэманстратыўнае збіццё мірных пратэстоўцаў, якія пасмелі  выказаць сваю нязгоду з палітыкай нязменнага 23 гады прэзідэнта. Пры гэтым 25 сакавіка Вовы не было ў Беларусі. І, ведаючы, што ў дэмакратычнай краіне, дзе пануе закон, яго затрымліваць няма за што, ён вярнуўся дадому. Але дома пануе свавольства, пануе КДБ, які не змяніў ні назвы, ні метадаў з савецкіх часоў.

Спачатку яго трымалі ў "амерыканцы”, затым перакінулі на "валадарку”, а потым зноў вярнулі ў СІЗА КДБ. Так, Вова трымаецца. Так, у сваіх лістах ён спрабуе жартаваць. Так, ён кажа, што Госпад дапамог у зняволенні пераасэнсаваць сваё жыццё і па-новаму паглядзець на многія рэчы, па-новаму расставіць прыярытэты. І нават адтуль ён пытаецца, як жывецца нам. З СІЗА КДБ ён шкадуе, што не настаяў, каб мы прынялі яго дапамогу падчас хваробы.

Гэта ўсё так. Але мы не павінны забывацца, што Вова зараз знаходзіцца не на курорце. Ён знаходзіцца ў турме КДБ, і яму пагражае да сямі гадоў зняволення. Зняволення ні за што. Зняволення толькі за тое, што стаў выпадковай ахвярай новай нквдзісцкай справы. Ёсць інфармацыя, што да затрыманых ужываюцца катаванні.

І вось, як і ў 2006 годзе, ён па-ранейшаму нясе свой крыж. Па-ранейшаму над Беларуссю вісіць цень крамлёўскага горца.

P.S. Адрас для ліставання: Фёдараву Уладзіміру Валер’евічу, 220050, Мінск, Галоўпаштамт, а/с 8.

Крыніца: Krynica.info

Навіны па тэме