“Менсквадаканал” паабяцаў БХД, што Кастрычніцкі раён Менска атрымае артэзіянскую пітную ваду

25 мая 2017 17:41  |  Галоўныя навіны

“Менсквадаканал” паабяцаў БХД, што Кастрычніцкі раён Менска атрымае артэзіянскую пітную ваду

 

24 траўня адказны
сакратар Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Дзяніс Садоўскі і лідар
Хрысціянска-дэмакратычнага руху Вольга Кавалькова сустрэліся з дырэктарам
Менсквадаканалу Алегам Аўруціным.

Галоўнай тэмай
сустрэчы было тое, што, па інфармацыі дырэктара Менсквадаканала да 31 траўня, павінна
быць распрацаваная перадпраектная дакументацыя па пераводзе Кастрычніцкага, Маскоўскага
і Фрунзенскага раёнаў Менска на артэзіянскую пітную ваду.

Але, як паведаміў
на сустрэчы Алег Аўруцін, яшчэ 2,5 месяцы гэты план будзе праходзіць
абмеркаванне і ўзгадненне. Такім чынам, тэрміны падрыхтоўкі перадпраектнай
дакументацыі ў чарговы раз зацягваюцца. У лепшым выпадку грамадскасць атрымае
інфармацыю пра тое, у якім накірунку і што будзе рабіцца, каб перавесці гэтыя
раёны на артэзіянскую ваду толькі ў верасні.

Дырэктар “Менсквадаканаду”
таксама адмовіўся казаць, якія варыянты пераводу раёнаў горада, разглядаюцца.
Такім чынам, фактычна інфармацыя аб гэтым ад грамадскасці хаваецца.

З добрых навінаў,
па абяцаннях Алега Аўруціна, завершаныя працы па размеркаванні артэзіянскай
вады, якая застаецца ў сувязі з эканоміяй у іншых раёнах, на Кастрычніцкі раён.
Такім чынам, заяўляюць у вадаканале, ён будзе амаль цалкам забяспечвацца
артэзіянскай вадой. У выніку чаго можна будзе казаць не пра тры, а пра два
раёны з кепскай вадой. Але інфармацыя патрабуе праверкі.

“На жаль, зноў
даводзіцца канстатаваць зацягванне тэрмінаў. Год таму нам упэўнены казалі, што
ў траўні ў нас будзе ўся інфармацыя пра тое, як будуць праводзіць працу па
пераводзе раёнаў на артэзіянскую ваду. Цяпер усё адкладзена да верасня. А ў
верасні, магчыма, паспрабуюць прыдумаць яшчэ што-небудзь. Але мы будзем іх (Менсквадаканал
– рэд.) даціскаць, бо пытанне чыстай вады ў нашых кватэрах – гэта пытанне
здароўя і жыцця нас і нашых дзяцей”, – адзначыў Дзяніс Садоўскі.

“Пытанне пітной
вады – гэта важнае пытанне для соцень тысяч менчукоў, і пакуль яно не будзе
вырашана, мы будзем ім займацца. У канцы года пачнецца выбарчая кампанія у
мясцовыя саветы дэпутатаў, і мы будзем уздымаць гэта пытанне, а таксама
звяртацца да сённяшніх «дэпутатау», каб пры прыняцці бюджэту Менска на наступны
год былі выдаткаваны грошы на мерапрыемствы па пераводзе горада на чыстую
пітную ваду”, – падкрэсліла Вольга Кавалькова.

Болей навін