Праграма БХД. Сістэма мясцовага і рэгіянальнага кіравання і самакіравання

29.05.2017, 10:23  |  Галоўныя навіны, Палітыка

Праграма БХД. Сістэма мясцовага і рэгіянальнага кіравання і самакіравання

 

БХД лічыць неабходным давяраць мясцовым супольнасцям і рэгіёнам як мага болей кіраўнічых задач. Умяшальніцтва Ўрада ў справы муніцыпалітэтаў і рэгіёнаў патрабуецца толькі там, дзе без яго нельга абысціся. Паміж мясцовымі і рэгіянальнымі ўзроўнямі самакіравання і кіравання мусіць быць забяспечаны сапраўдны падзел ўлады, паўнамоцтваў і рэсурсаў для выканання лакальных і рэгіянальных задач. БХД лічыць неабходным паэтапнае рэфармаванне існуючай сістэмы адміністрацыйна- тэрытарыяльнага падзелу з мэтай паляпшэння эканамічнай асновы мясцовых самакіраванняў і рэгіёнаў для самастойнага вырашэння задач мясцовага і рэгіянальнага значэння.

5.1. Рэформа адміністрацыйна- тэрытарыяльнага падзелу (АТП) Беларусі

5.1.1. Мэтай рэформы АТП з’яўляецца стымуляванне развіцця рэгіёнаў і мясцовых супольнасцяў за кошт стварэння ўмоў для пераразмеркавання да іх рэсурсаў ад сталічнага горада Менска і абласных цэнтраў, спрашчэння працэдур выканання мясцовымі ўладамі сваіх задач, павелічэння іх самакіравання і падсправаздачнасці мясцовым супольнасцям, а таксама забеспячэння мэт устойлівага і сбалансаванага развіцця Рэспублікі Беларусь агулам.

5.1.2. З улікам такіх асаблівасцяў Рэспублікі Беларусь, як памер тэрыторыі, колькасць насельніцтва і фінансавыя магчымасці мясцовых самакіраванняў, найбольш рацыянальнай формай тэрытарыяльнай арганізацыі дзяржавы з’яўляецца двухузроўневая сістэма адміністрацыйнага ўладкавання.

5.1.3. БХД лічыць неабходным стварыць з улікам меркавання мясцовых супольнасцяў ад 350 да 390 адміністрацыйных адзінак ніжняга муніцыпальнага ўзроўню (валасцей) і 22 адміністрацыйныя адзінкі рэгіянальнага ўзроўню (паветаў).

5.1.4. З мэтай забеспячэння ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця адміністрацыйных адзінак прадугледжваецца фармаванне валасцей (адзінкі самакіравання ў сельскай мясцовасці) у межах тэрыторыяў з колькасцю насельніцтва не менш за 10 тыс. чалавек. Гэта ўмова забяспечыць моцную фінансавую базу для развіцця мясцовых самакіраванняў і значную частку прыбыткаў бюджэту самакіраванняў за кошт падаходнага падатка.

5.1.5. БХД лічыць мэтазгодным фармаванне 21 павета згодна з наступнымі крытэрамі: час транспартнай даступнасці да адміністрацыйнага цэнтра на працягу максімум гадзіны, радыюс зоны прыцягнення 80-100 км, плошча 7-15 тысяч кв. км, колькасць насельніцтва ў межах 200-600 тысяч чалавек. Сталічны горад Менск вылучыцца у асобную адміністрацыйна-тэрытарыяльную адзінку, якая паводле статусу сумяшчае павятовы і муніцыпальны ўзровень. Адміністрацыйнымі цэнтрамі паветаў стануць: Бабруйск, Баранавічы, Барысаў, Брэст, Віцебск, Ворша, Гомель, Глыбокае, Гродна, Кобрын, Крычаў, Ліда, Магілёў, Мазыр, Маладэчна, Менск, Смаргонь, Пінск, Полацк, Рэчыца, Слонім, Слуцк.

5.1.6. БХД лічыць неабходным забяспечыць муніцыпальныя Рады правам дзяліць гарады з насельніцтвам больш за 300 тыс. чалавек на больш дробныя ўтварэнні. Гэтыя тэрыторыі не маюць статуса адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі, якімі валодаюць муніцыпалітэты. Іх кіраванне павінна забяспечвацца прадстаўніком муніцыпальнай Рады, які прызначаецца мэрам горада.

З праграмы БХД "Народная партыя з хрысціянскім сэрцам",

прынятай 13 чэрвеня 2015 года

Навіны па тэме