Статут ХДЗБ: 1920

30.05.2017, 09:33  |  Галоўныя навіны, Палітыка

 

Статут і першая Праграма ХДЗБ былі прынятыя і зацверджаныя ў Менску ў 1920-м, прычым на друкаваным выданні гэтай кніжкі (якая адначасова выконвала ролю сяброўскага пасведчання) было пазначана: "З дазволу біскупа Зыгмунта Лазінскага”.

Эпіграфам да Статуту і Праграмы былі словы з Евангелля паводле Мацвея:

"Дык вось, не турбуйцеся і не кажыце: "што нам есці?” альбо "што піць?” альбо "у што апрануцца?”. Бо ўсяго гэтага шукаюць язычнікі; ведае бо Айцец ваш Нябёсны, што вы маеце патрэбу ва ўсім гэтым. Шукайце ж найперш Царства Божага і праведнасці ягонай, і гэта ўсё дадасца вам” (Мацвея 6:31-33).

і таксама:

"Дык вось, кожны, хто слухае гэтыя словы Мае і выконвае іх, прыпадобніцца да мужа разумнага, які збудаваў свой дом на камені; і паліўся дождж, і разьліліся рэкі, і падзьмулі вятры, і рынуліся на той дом; і ён не ўпаў, бо пастаўлены быў на камені. А кожны, хто слухае гэтыя словы Мае і не выконвае іх, прыпадобніцца да мужа неразважлівага, які паставіў свой дом на пяску; і паліўся дождж, і разьліліся рэкі, і падзьмулі вятры, і налеглі на дом той; і ён упаў, і было падзеньне яго вялікае” (Мацвея 7:24-27).

"Устава”, альбо Статут, змяшчала некалькі адметных пунктаў:

1. Называецца злучнасьць: "Хрысьціянская Дэмократычная Злучнасьць Беларусаў”.

2. Мэтаю Хрысьціянскай Дэмократычнай Злучнасьці Беларусаў ёсьць: зарганізаваньне усіх тых, што хочуць жыць апіраючыся на сацыальнай справядлівасьці і хрысьціянскай міласьці, паводле асноў хрысьціянскага сьветагляду.

3. Сядзібай Хрысьціянскай Дэмократычнай Злучнасьці Беларусаў ёсьць Менск, полям працы увесь край Беларускі.

4. Для зрэалізаваньня мэт, у п.2 азначаных, Хрысьціянская Дэмократычная Злучнасьць:

А. Шырыць асьвету: праз сабраньні, гурткі, расправы; праз закладаньне курсаў, асьветных гурткоў, бібліотэк, чытаньняў і т. п.

В. Шырыць працу рэлігійна-маральную: паглыбляючы і ажыўляючы жыцьцё этычнае і рэлігійнае праз набажэнствы, казаньні, сходы, кружкі

С. Вядзе працу грамадзянскую:праз выязды на абгляд чужых краяў і цікавых месцаў у сваім краю, праз хоры і тэатры.

Д. Працу эканамічную: закладаючы новыя або ўмацоўваючы старыя суполкі, як напр. коапэратывы (хаўрусныя крамы), прачкарні, варштаты і т. п.; закладаючы касы ўзаемнай помачы, касы пажычковыя, касы зборнасьці, пахаронныя; закладаючы бюра працы, бюра адвакацкай і доктарскай помачы, закладаючы ахронкі, прытулкі і т. п.”

Сябрам ХДЗ мог быць кожны хрысціянін, які прызнаваў Статут і "стараўся гэтую ўставу ўвясці ў жыцьцё”.

З кнігі "Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя: 1917 - 2017"

Працяг будзе

Навіны па тэме