Віталь Рымашэўскі: грамата Шуневічу - акт звышцынізму, які толькі маглі праявіць беларускія ўлады

31.05.2017, 14:00  |  Галоўныя навіны, Палітыка

Віталь Рымашэўскі: грамата Шуневічу - акт звышцынізму, які толькі маглі праявіць беларускія ўлады

 

Узнагароджванне граматай Нацыянальнага сходу Беларусі за дзейнасць па забеспячэнні правоў і свабод грамадзян і за значны ўклад ва ўмацаванне законнасці і правапарадку міністра ўнутраных спраў Беларусі Ігара Шуневіча пасля брутальнага разгону акцый пратэсту, пасля катаванняў у ізалятарах сотняў дэмакратычных актывістаў, пасля зняволення за кратамі дзясяткаў людзей па "Справе патрыётаў” – гэта акт звышцынізму, які толькі маглі праявіць беларускія ўлады. Пра гэта заявіў сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі.

"Нацыянальны сход мае да парламентарызму і свабодных выбараў такое ж дачыненне, як і Шуневіч да правоў чалавека – нічога агульнага. Па сутнасці дадзеная адзнака рэпрэсіўнаму органу, МУС, які адказны не толькі за палітычныя рэпрэсіі, але і за гвалт у дачыненні да простых грамадзян Беларусі. Доказы таму – інфармацыя пра збіццё, катаванні, несправядлівыя арышты, а часам і смерць затрыманых у ІЧУ альбо ў РАУС па ўсёй краіне. На фоне таго, як п’яныя супрацоўнікі МУС збіваюць насмерць людзей на пешаходных пераходах, гэтае ўзнагароджванне з’яўляецца пляўком у твар усім несправядліва асуджаным беларусам, усім тым, хто адчуў на сабе гвалт альбо карупцыю з боку супрацоўнікаў МУС”, - падкрэсліў ён.

Паводле яго, Нацыянальны сход такім чынам цалкам падзяліў адказнасць за ўсё, што адбываецца ў краіне. "Гэта трэба даводзіць да кожнага грамадзяніна Беларусі, каб людзі ведалі, якую пазіцыю да беларускага народу займаюць прызначаныя чальцы Нацыяльнага сходу і каго яны пакрываюць. А для міжнароднай супольнасці гэтая падзея толькі канстатуе неадэкватнасць беларускіх уладаў”, - адзначыў сустаршыня БХД.

Навіны па тэме