“Права выбару-2018” распачынае 100 лакальных інфармацыйных кампаній

01.06.2017, 12:02  |  Навіны » Палітыка

 

“Права выбару-2018” распачынае 100 лакальных інфармацыйных кампаній

 

У 2018 годзе назіраць за выбарамі ў мясцовыя Саветы дэпутатаў разам збіраюцца сем арганізацыйных структур: Аб’яднаная Грамадзянская партыя, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), Беларуская хрысціянская дэмакратыя, ПАГА "Рух "ЗА Свабоду”, Партыя БНФ,  Беларуская партыя "Зялёныя” і Партыя свабоды і прагрэса.

 

На дадзены момант адбываюцца арганізацыйныя сустрэчы па каардынацыі сумеснай працы і прызначаюцца адказныя за назіранне ў рэгіёнах.

- Сустрэчы з рэгіянальнымі лідарамі ўжо адбыліся ў Брэсце, Віцебску, Гродна, Магілёве і Мінску. У бліжэйшы час адбудзецца сустрэча і ў Гомеле, - кажа адзін з каардынатараў кампаніі назірання "Права выбару-2018” Алесь Сілкоў: Мэта кампаніі назірання "Права выбару-2018” такая ж самая, як і ў папярэдніх кампаніях - не толькі фіксацыя выяўленых парушэнняў аднак і актыўнае супрацьдзеянне ім.

Са словаў Алеся Сілкова ў 2018 годзе назіранне адбудзецца толькі ў асноўны дзень галасавання. Плануецца, што назіраць на выбарчых участках будзе не менш за 1000 назіральнікаў.

Другі каардынатар кампаніі назірання Дзяніс Садоўскі паведамляе, што ў гэтым годзе кампанія назірання за выбарамі распачнецца значна раней.

- Мы плануем, што ўжо ў верасні бягучага года не менш за 100 кандыдатаў у дэпутаты ад дэмакратычных арганізацый распачнуць лакальныя інфармацыйныя кампаніі па папулярызацыі кампаніі назірання "права выбару-2018”. Мэта гэтых інфармацыйных кампаній заключаецца ў тым, каб патлумачыць грамадзянам узаемасувязь выбараў з узроўнем іх жыцця, бо калі выбіраеш чалавека - ён працуе адказна, а калі прызначаеш зверху, то ён адказны перад тым, хто яго прызначыў, а не перад жыхарамі раёна дзе ён балатаваўся, - гаворыць Дзяніс Садоўскі.

Прэс-сакратар кампаніі "Права выбару-2018” Ігар Барысаў кажа, што ў гэтым годзе "Права выбару-2018” стане больш лічбавай.

- Актыўна працуем над новым сайтам і яго функцыянальнай часткай. Праз сайт, як і ў мінулыя кампаніі, можна будзе далучыцца да назірання за выбарамі, а таксама паведаміць пра парушэнні праз мабільную прыладу "Вочы”. Чакаем, што ў гэтым годзе нашыя кандыдаты ў дэпутаты і назіральнікі стануць стрымерамі і мы ўбачым ан-лайн трансляцыі таго, што будзе адбывацца на выбарчых участках, - кажа Ігар Барысаў.

У кампаніі назірання адзначаюць, што выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў найменш цікавыя як для грамадзян, так і для міжнароднай супольнасці. Тым часам назіральнікі збіраюцца фіксаваць рэальную колькасць грамадзян, якая з’явіцца на выбарчыя ўчасткі ў дзень выбараў і параўноўваць яе з афіцыйнымі дадзенымі. Таксама назіральнікі будуць сачыць за адкрытасцю і галоснасцю ў пытаннях арганізацыі і правядзенні выбараў, а таксама магчымасцю рэальна назіраць за падлікам галасоў.

Трэба адзначыць, што ў Беларусі на выбарах у мясцовыя Саветы дэпутатаў адсутнічае такое паняцце як яўка. Для таго, каб стаць дэпутатаў дастаткова простая большасць галасоў выбаршчыкаў пададзеных за аднаго з кандыдатаў. Другі тур выбараў таксама не прадугледжаны дзеісным заканадаўствам.

Прэс-служба кампаніі назірання "Права выбару-2018”

Навіны па тэме