Праграма БХД. Рэгіянальнае і мясцовае кіраванне і самакіраванне

06.06.2017, 09:39  |  Навіны » Палітыка

Праграма БХД. Рэгіянальнае і мясцовае кіраванне і самакіраванне

 

5.3.1. БХД падтрымлівае выразнае размеркаванне сфер кампетэнцыі паміж павятовым і муніцыпальным/валасным узроўнем, самастойнасць крыніц фінансавання і сродкаў для выканання іх задач. Паміж узроўнямі кіравання не павінна быць сумяшчэння кампетэнцыяў і адпаведна заканадаўчых падстаў для ўмяшання вышэйшага павятовага ўзроўню ў справы ніжэйшага муніцыпальнага ўзроўню. Дзяржаўная адміністрацыя на месцах павінна займацца ў асноўным наглядам і кантролем за дзейнасцю мясцовых і рэгіянальных органаў улады.

5.3.2. Хрысціянскія дэмакраты падтрымліваюць рэальнае пашырэнне паўнамоцтваў мясцовых і рэгіянальных органаў самакіравання і кіравання з адначасовым кантролем з боку вярхоўнай улады за законнасцю іх дзейнасці.

5.3.3. Муніцыпалітэты і паветы з’яўляюцца найбольш набліжанымі да грамадзян і бізнэсоўцаў у прадастаўленні паслуг, што патрабуе адпаведнага пашырэння фінансавай базы мясцовых і рэгіянальных органаў улады для забеспячэння іх кампетэнцыяў і абавязкаў.

5.4. Арганізацыя мясцовага самакіравання

5.4.1. БХД, кіруючыся прынцыпамі і духам Еўрапейскай хартыі мясцовага самакіравання і прынцыпам субсідыярнасці, лічыць неабходным забеспячэнне самастойнасці мясцовага самакіравання ў межах сваіх паўнамоцтваў ад дзяржаўнага кіравання. Органы мясцовага самакіравання павінны разглядацца як асобныя органы мясцовай улады, якія не ўваходзяць у сістэму дзяржаўных органаў улады.

5.4.2. Муніцыпальная/валасная Рада з’яўляецца прадстаўнічым, кантрольным і распарадчым органам гарадскога муніцыпалітэта або сельскай воласці, якую абралі на падставе прамога галасавання па мажарытарнай сістэме простай большасці тэрмінам на 4 гады. Колькасць чальцоў муніцыпальнай/валасной Рады вызначаецца ў залежнасці ад колькасці жыхароў самакіравання, якія валодаюць выбарчым правам і павінна складаць не меней за:

11 – у самакіраванні з колькасцю жыхароў да 20000;

21 – у самакіраванні з колькасцю жыхароў ад 20000 да 35000;

31 – у самакіраванні з колькасцю жыхароў ад 35000 да 75000;

41 – у самакіраванні з колькасцю жыхароў ад 75000 да 125000;

51 – у самакіраванні з колькасцю жыхароў болей за 125000.

З Праграмы БХД "Народная партыя з хрысціянскім сэрцам", прынятай у Менску 13 чэрвеня 2015 года

Навіны па тэме