Адам Дасюкевіч: абаронца беларусаў падчас вайны

06 чэрвеня 2017 09:40  |  Грамадства

Адам Дасюкевіч: абаронца беларусаў падчас вайны

 

Адам Дасюкевіч –
легенда Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі. Апошні рэдактар “Крыніцы”, ратаўнік
Барыса Кіта ад смерці, абаронца беларусаў падчас вайны, бургамістр Паставаў,
забіты акупантамі, чалавек надзвычай сціплы ў звычайным жыцці.

“Ціхі, працавіты
патрыёт” – напісаў пра яго ў сваёй кнізе “Пад знакам Пагоні” сябра Рады БНР
Язэп Малецкі.

Нарадзіўся Адам у
вёсцы Копцевічы Ашмянскага павету (цяпер Смаргонскі раён) 5 чэрвеня 1911 года,
калі многія будучыя лідары БХД ужо былі высвечаныя на святарства – прычым
ягонай матуляй была сястра Адама Станкевіча.

Адась рана
застаўся без маці – яна загінула, калі бацька быў на Першай сусветнай.
Прытулілі яго з сястрычкай добрыя людзі.

У 1933 годзе
скончыў Віленскую Беларускую Гімназію – гняздо беларускасці, дзе выкладалі
Максім Гарэцкі, Антон Луцкевіч, Рыгор Шырма, а з 1937-1939 гадах узначаліў
Беларускі Студэнцкі Саюз.

У 1936 -1938
гадах рэдагаваў газету БХД “Беларуская Крыніца”. Настаўнічаў у Варапаеве.

У 1940 годзе Адам
пабраўся шлюбам з Лідзіяй Сікорай – дачкой знакамітага садавода Івана Сікоры, і
ў 1941-м, дзеля цяжкасці з працай, маладая сям’я выехала ў БССР, каб дапамагаць
даглядаць знакаміты сікораў сад.

Напрыканцы 1941
года, калі немцы ўжо цалкам занялі Беларусь і наладжвалі цывільную адміністрацыю
на месцах, на прапанову дзеячаў Беларускага Нацыянальнага Камітэту Язэпа
Малецкага і братоў Пецюкевічаў, менавіта агранома Адама Дасюкевіча прызначылі
старшынём Пастаўскага павету і бурмістрам Паставаў.

Аднаго разу немцы
рабілі ў Паставах экзекуцыю, і нейкі чын СС
прыйшоў да дырэктара настаўніцкай семінарыі Барыса Кіта, каб
запатрабаваць у яго студэнтаў для прыборкі вуліцаў ад трупаў. Кіт адмовіўся.
Немец прыгразіў расстрэлам. Кіт адмовіў зноў. Тады эсэсавец дастаў пісталет і
стрэліў. У апошні момант Адам Дасюкевіч выбіў пісталет, і куля увайшла ў сцяну.

Так быў уратаваны
будучы творца амерыканскага касмічнага цуду.

Але Дасюкевічу
гэтага не прабачылі.

31 кастрычніка
1943 года, калі нацысты чарговы раз запатрабавалі здаць збожжа для вывазу ў
Нямеччыну, Адам Дасюкевіч адказаў: людзі ўжо аддалі ўсё, што маглі. Зондэрфюрар
СС, прысланы забяспечыць здачу і перавоз харчавання, застрэліў Дасюкевіча
проста на вуліцы.

Пахаванне
хрысціянскага дэмакрата Адама Дасюкевіча ператварылася ў маніфестацыю. Сотні й
сотні людзей не пабаяліся прайсці працэсіяй па вуліцах Паставаў – і пакінулі на могілках мноства вянкоў з
бел-чырвона-белымі стужкамі.

Павел Севярынец

Болей навін