Зыгмунт Лазінскі: біскуп, які дабраславіў для друку Праграму і Статут БХД

06.06.2017, 09:42  |  Навіны » Грамадства

 

Нам не знаёмыя сведчанні, што Зыгмунт Лазінскі (5 чэрвеня 1870 – 26 сакавіка 1932) належаў да структур Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі. Ён адчуваў сябе палякам. Але менавіта ён дабраславіў для друку Праграму і Статут першай беларускай хрысціянскай дэмакратыі, і, кіруючы дыяцэзіяй, даў БХД магчымасць легальна існаваць і развівацца ўнутры Касцёла.

Бо перадусім для біскупа Зыгмунта была не Польшча, але Воля Бога.

Нарадзіўся наш герой там жа, дзе і славуты паэт Адам Міцкевіч – на Наваградчыне. Калі зусім дакладна – то ў маёнтку Барацін. У сям’і Уладыслава Альберта і Людвікі Марыі з дому Чэчат. Распачаў навуку з Варшаўскай гімназіі ў 1880-м. Затым скончыў семінарыю ўСанкт-Пецярбургуі Пецярбургскую рымска-каталіцкую духоўную акадэмію, дзе потым выкладаў. Святарскія пасвячэнні атрымаў у 1895-м.

Ужо ў Піцеры праявіў сябе як асоба неканфармісцкая. Двойчы ўступаў у сур’ёзны канфлікт з царкоўнымі ўладамі, у выніку чаго адхіляўся ад пасады. Прычым, у выніку другога канфлікта – у 1905-м яго з імперскай сталіцы выслалі. У больш родны і блізкі нам Мінск – на пасаду пробашча кафедральнага касцёла.

Праз некалькі месяцаў Лазінскага вярнулі ў Піцер на ранейшую пасаду прафесара духоўнай акадэміі, дзе ён правыкладаў да 1909 года.

Настала ў Беларусь Зыгмунт Лазінскі вярнуўся ўжо біскупам, у жніўні 1918-га. Ягоная знакавая неспадзеўка для беларусаў і нечаканка для палякаў адбылася 6 снежня таго ж году на Менскай катэдры. Пад час імшы, якую вёў сам біскуп, хор, які ачольваў рэктар семінарыі Абрантовіч, стаў спяваць рэлігійныя песні па-беларуску. Частка прыхаджанак – полькі з самавызначэння, паспрабавалі заглушыць гэта польскімі песнямі, ды марна… А затым біскуп Зыгмунт і Эвангелле прачытаў па-беларуску і казанне па ім сказаў па-беларуску – горача, ад сэрца… Рэвалюцыя ў касцёльных мазгох!

Лазінскі стварыў прэцэдэнт, пасля якога беларускія набажэнствы, чытанні Евангелляў па-беларуску і беларускія казанні сталі ў касцёльнай практыцы легальнымі, рэгулярнымі і звыклымі. У Менску яны ладзіліся пры ім штодня.

А на гэтай глебе мацаваўся і дэмакратычны беларускі хрысціянскі рух.

У 1920 годзе менавіта біскуп Зыгмунт Лазінскі даў дазвол на друк першых Праграмы і Статута БХДЗ: кожны асобнік, які служыў адначасова пасведчаннем БХДЗ, суправаджаўся пазнакай ягонага дабраславення.

У 1920-м годзе бальшавікі арыштавалі біскупа Зыгмунта. 11 месяцаў яму давялося прабыць у знакамітай маскоўскай Бутырцы, пасля чаго яму далі магчымасць з’ехаць у Заходнюю Беларусь, якая тады апынулася ў складзе Польшчы. У 1925-м Лазінскі ачоліў новаствораную Пінскую дыяцэзію, дзе стаўленне да беларускасці прынцыпова правявіў гэткае: для грэка-каталікоў дазволіў казанні па-беларуску, для рыма-каталікоў – па-беларуску дазволіў тлумачэнні ў казаннях. Афіцыйна існуючай у яго дыяцэзіі Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі не перашкаджаў, трымаўся ў адносінах да яе нейтралітэту; што ў тагачасных умовах ужо было нямала.

Сканаў Зыгмунт Лазінскі ў Пінску ў Вялікую Суботу 1932-га. Паводле ягонай волі, хавалі біскупа без катафалку, як простага мніха.

У Касцёле Зыгмунт Лазінскі вызнаны блаславёным.

Андрэй Мельнікаў

Навіны па тэме