Патрыярх беларускага хрысціянска-дэмакратычнага руху ХХ стагоддзя

06.06.2017, 13:57  |  Навіны » Грамадства

 

Сёння, 6 чэрвеня, - дзень смерці патрыярха беларускага хрысціянска-дэмакратычнага руху Браніслава Ігнатавіча Эпімах-Шыпілы.

Народжаны на Полаччыне, ён знітаваў сабою тысячу гадоў беларускага хрысціянства і дэмакратыі: вера, прынятая Полацкім княствам яшчэ ў Х стагоддзі, адгукалася ў ім з рэхам полацкага веча. Сучаснікі сведчылі: прафесар Эпімах-Шыпіла наколькі веруючы, настолькі й адкрыты, свабодалюбны – і менавіта гэта рабіла яго душой усёй беларускай супольнасці Пецярбургу, тагачаснай сталіцы Расейскай імперыі.

Эпімах-Шыпіла – закладальнік падмуркаў БХД: менавіта ён дапамог большасці будучых заснавальнікаў хрысціянскай дэмакратыі ўсвядоміць сябе беларусамі і згуртаваў іх як каманду новай хвалі нацыянальнага Адраджэння.

"Вынік такой працы прафэсара Шыпілы быў той, што многія сяньняшнія выдатныя беларусы, яшчэ жывыя і ўжо памершыя, як Я.Купала, Тарашкевіч, Жылуновіч, Душэўскі, Грыб, Заяц, Варонка, ксяндзы Лісоўскі, Грынкевіч, Будзька, Абрантовіч, Гадлеўскі, Хвецька, Станкевіч, Цікота, Шутовіч, Лупіновіч, Хоміч і іншыя – гэта ў большай або ў меншай меры усе ягоныя духовыя дзеці” – пісаў пра Эпімах-Шыпілу Адам Станкевіч.

Адраджэнцы пачатку ХХ стагоддзя лічылі жыццё і працу Эпімах-Шыпілы цэлай эпохай беларускага руху: "Спярша – Багушэвіч, потым – Шыпіла, потым – "Наша Ніва”. Яго называлі адным з апосталаў беларускага народу.

Нарадзіўся Браніслаў Эпімах-Шыпіла 4 верасня 1859 года ў фальварку Судзіловічы тагачаснага Лепельскага павету (зараз вёска Будзькаўшчына Полацкага раёну) у сям’і збяднелай беларускай шляхты. Неўзабаве сям’я пераехала ў вёску Залессе пад Полацкам.

У 1871—1880 вучыўся ў Аляксандраўскай гімназіі ў Рызе. У 1880—1886 на гісторыка-філалагічным факультэце Пецярбургскага ўніверсітэта; кандыдат філалагічных навук (1887). Зарабляў прыватнымі ўрокамі, працаваў памочнікам рэдактара "Журнала Министерства путей сообщения”. З 1891 памочнік бібліятэкара, потым бібліятэкар у бібліятэцы Пецярбургскага ўніверсітэта, выкладаў старагрэчаскую і лацінскую мовы ў вышэйшых і сярэдніх навучальных установах Пецярбурга. Ганаровы чалец Віцебскай вучонай архіўнай камісіі, ад імя якой у 1896 удзельнічаў у археалагічным з'ездзе ў Рызе. У складзе расійскай дэлегацыі ў 1908 удзельнічаў у І міжнародным з'ездзе бібліятэчных работнікаў (Брусель).

На пачатку XX ст. стаў на чале беларускага нацыянальнага руху ў Пецярбургу. Яго дом быў асяродкам і месцам збору нацыянальна арыентаванай беларускай моладзі, і найперш навучэнцаў Духоўнай каталіцкай акадэміі.

Як сведчыць Адам Станкевіч, многія будучыя лідары БХД падоўгу гасцявалі ў прафесара, заседжваліся ў ягонай бібліятэцы, бяднейшым Эпімах-Шыпіла стала дапамагаў матэрыяльна. Прымаў удзел у дзейнасці культурна-асветнай арганізацыі «Круг беларускі» (1902-1904). У 1906 стаў заснавальнікам беларускага выдавецтва «Загляне сонца і ў наша аконца» і студэнцкага «Беларускага навукова-літаратурнага гуртка».

Яшчэ з Рыгі Эпімах-Шыпіла збіраў беларускія кнігі, каб затым скласці "Беларускую хрэстаматыю” – збор унікальных выданняў і рукапісаў ХІХ стагоддзя. Менавіта Браніслаў Ігнатавіч стаў рэдактарам першай кнігі вершаў Янкі Купалы "Жалейка” і дапамог яе выдаць. У 1913 сам пачаў друкавацца ў беларускіх выданнях.

Пасля пачатку І сусветнай вайны ў Петраградзе было створанае дабрачыннае Беларускае таварыства па аказанні дапамогі пацярпелым ад вайны, адным з арганізатараў якое быў Браніслаў Эпімах-Шыпіла.

У 1916 удзельнічаў у падрыхтоўцы «Меморыі прадстаўнікоў Беларусі на IIІ канферэнцыі народаў» (Лазана), дзе абгрунтаваў права беларускага народа на самастойнае нацыянальнае развіццё. У 1917 чытаў лекцыі па беларускай мове ў Петраградзе, выязджаў на Полаччыну.

У 1918, нароўні з айцом Фабіянам Абрантовічам і ксяндзом Люцыянам Хвецькам, прымаў чынны ўдзел у арганізацыі Беларускай хрысціянскай дэмакратычнай злучнасці ў Петраградзе. Ягоную кватэру будучы кіраўнік першага беларускага ураду Зміцер Жылуновіч (Цішка Гартны) называў "беларускім штабам”.

У 1918 выбраны старшынёй навуковага «Таварыства вывучэння культурна-прамысловага стану Беларусі», заснаванага ў Петраградзе, садзейнічаў рабоце Белнацкама. У 1923 прыязджаў у Мінск на сустрэчу з беларускімі пісьменнікамі. У 1924 абраны правадзейным членам Інбелкульта. Пераехаў у Мінск у 1925. Працаваў рэдактарам, з 1927 старшынёй камісіі Інбелкульта па складанні слоўніка жывой беларускай мовы.

Быў арыштаваны ДПУ БССР 18 ліпеня 1930 па справе «Саюза вызвалення Беларусі»; на яго кватэры праведзены ператрус. Знаходзіўся ў зняволенні да 12 верасня 1930.

Пасля арышту й допытаў у справе "Саюза Вызвалення Беларусі” 70-гадовага прафесара выслалі з Менску, і ён шукаў прытулку ў Ленінградзе. Знаўцу больш як 20 моваў, які падараваў Акадэміі Навук сваю каштоўную бібліятэку ў 5000 тамоў, бальшавікі проста выкінулі на вуліцу. Апошнія гады чалавека-эпохі прайшлі "на становішчы ссыльнага”: без грошай, без сталага жытла, без магчымасці вярнуцца на Радзіму.

Памёр патрыярх хрысціянска-дэмакратычнага руху на чужыне 6 чэрвеня 1934 года.

У Залессі Полацкага раёна на месцы сядзібы Эпімах-Шыпілы ўсталяваны памятны валун з шыльдай, а ў Ветрынскай сярэдняй школе працуе музей Браніслава Ігнатавіча.

Павел Севярынец

Навіны па тэме