Забіць ненароджанае дзіця ў беларусі стане больш проста і даступна

14 кастрычніка 2009 14:13  |  Грамадства

Усё больш эканамічных экспертаў звязваюць фінансавы крызіс, што ахапіў эканомікі як найбольш развітых у індустрыяльным плане, так і неразвітых дзяржаў, з крызісам дэмаграфічным. Логіка простая: нараджаецца ўсё менш і менш дзяцей, змяншаецца працэнт працаздольнага насельніцтва.

Здаецца, што наша грамадства і дзяржава зразумела гэта не сёння. Радуе тое, што прадпрымаюцца вартыя ўвагі і не проста фармальныя спробы зрабіць прывабным мацярынства і бацькоўства. У гэту справу ўкладзены ўжо не малы патэнцыял: матэрыяльны, маральны, адміністрацыйны. Рэалізуюцца разнастайныя праекты. Дзяржава сістэматычна звяртаецца да рэлігійных супольнасцяў за падтрымкай у гэтых пачынаннях і атрымлівае яе па меры магчымасці.

І тут мы сустракаем парадаксальную сітуацыю. Калі я размаўляю з удзельнікамі арганізацый у абарону жыцця, яны не ўтойваюць, мякка кажучы, сваёй разгубленасці. Менш за ўсё разумення, маральнага такту, экзістэнцыяльнай далікатнасці, і наадварот, шмат перашкодаў яны сустракаюць ведаеце з боку каго? Не здагадаецеся. З боку нашых медыкаў. Тых, якія a priori пакліканы абараняць жыццё ад зачацця да натуральнай смерці.

Мне складана аб гэтым гаварыць, і гучыць гэта як мінімум жорстка, але некаторыя з іх са з’явай абортаў звязваюць сваю кар’еру, да таго ж, большую даступнасць абортаў яны лічаць сваім дасягненнем. Хтосьці можа сказаць, што ў Беларусі гэта немагчыма. Я хачу скіраваць «скептыкаў» да інфармацыі, якую распаўсюдзіла БелТА пад назвай «Медыкаментозныя аборты будуць праводзіць у Беларусі».

Аказваецца, у Беларусі распрацоўваецца цэлая праграма па ўвядзенні медыкаментозных абортаў (як гэта можна супаставіць з нацыянальнай праграмай па забеспячэнні дэмаграфічнай бяспекі? У адной краіне дзве  праграмы, якія ўзаемавыключаюць адна другую?). Паведаміў аб гэтым (і тут інфармацыя для тых, хто не верыць словам абаронцаў жыцця наконт пазіцыі некаторых медыкаў) галоўны акушэр-гінеколаг Міністэрства аховы здароўя.

У чым сэнс медыкаментозных абортаў? Не складана здагадацца. Аборт стане больш простым і даступным. Дзе і як ён будзе здзяйсняцца? «Плануецца праводзіць медыкаментозныя аборты ў дзяржаўных установах аховы здароўя на платнай аснове».

Даўно ўжо вядома, што абартыўны бізнес (страшна гучыць, праўда?) — адзін з самых даходных. Складана сабе ўявіць, што хтосьці «нажываецца» на смерці чалавека. Ненароджанага. Гэта значыць абсалютна безабароннага. Гэты «хтосьці» ў Беларусі — дзяржаўная сфера аховы здароўя.

Не так даўно Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка агучыў лічбу 30 мільёнаў. Менавіта столькі людзей павінна жыць у Беларусі. «Гэта для нашай дзяржавы пытанне жыцця і будучыні», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Лагічна, што ў дасягненні гэтых планаў адна з галоўных роляў адводзіцца сферы аховы здароўя (з акцэнтам на слове «ахова»). Ці адбываецца гэта сёння, асабліва калі мы глядзім на праблему праз прызму падобных «дасягненняў», якія агучыў галоўны акушэр-гінеколаг, – гэта вялікае пытанне.

Болей навін