БХД: каталікі і праваслаўныя

19.06.2017, 08:44  |  Галоўныя навіны, Грамадства

БХД: каталікі і праваслаўныя

 

Асноўную працу ў стварэнні беларускай хрысціянскай дэмакратыі правялі рыма-каталікі, прычым ядро БХД склалі непасрэдна ксяндзы.

Прычына тут у тым, што праваслаўная плынь хадэцыі аказалася пад бальшавіцкай акупацыяй – і многія беларускія праваслаўныя святары – носьбіты агульнахрысціянскай адкрытасці й дэмакратызму – былі проста фізічна вынішчаныя Саветамі.

Так, яшчэ ў чэрвені 1917 года ў Маскве адбыўся з’езд беларускага праваслаўнага духавенства, у якім брала ўдзел каля 700 (!) святароў. Пры гэтым з’езд прыняў рашэнне дамагацца аўтаноміі Беларусі ў федэратыўнай дэмакратычнай расейскай рэспубліцы і навучання ў школах па-беларуску.

Калі мы супаставім гэты з’езд з гістарычным паседжаннем беларускага каталіцкага духавенства ў Менску 24-25 траўня 1917-га – дык убачым, што і каталікі, і праваслаўныя рушылі адной дарогай: патрабаванні супадалі амаль даслоўна. Пры гэтым праваслаўных святароў было на парадак больш, чым іх братоў-каталікоў. Але трагедыя праваслаўя была ў тым, што яно пасля Рыскай дамовы апынулася ў крывавых жорнах савецкага атэізму.

Рэхам чэрвеньскага з’езду 1917 года была і спроба стварыць ува Ўсходняй Беларусі 1920-х Беларускую аўтакефальную царкву на чале з мітрапалітам Мельхісэдэкам – але пасля масавых арыштаў, судоў і расстрэлаў гэтая мара беларускага праваслаўя была пахаваная.

Але чым глыбей хрысціянская дэмакратыя пранікала ў масу беларускага народу ў Заходняй Беларусі (збольшага праваслаўнага), тым большую ролю ў БХД пачалі адыгрываць і грэка-каталікі, і свецкія вернікі, і, нарэшце, уласна праваслаўныя.

З кнігі "Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя: 1917 - 2017"

Працяг будзе

Навіны па тэме